Фотафакт: Кіраўнік касцёла ў Беларусі пагойдаўся на арэлях
16 жніўня ў мінскай парафіі Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы адбылося касцёльнае свята ў гонар святога Роха. Удзел у свяце прыняў і арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, паведамляе сайт catholic.by.
На свяце адбылася выстава рэтрааўтамабіляў. Сваю выставу "Новыя землі" зладзіла фотамастачка Ірына Ермакова. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч у гэты дзень узначаліў тут цэлебрацыю святой імшы і прамовіў гамілію.
Пасля заканчэння імшы ўдзельнікі свята прайшлі на нядаўна перададзеную парафіі частку цвінтара, дзе напярэдадні фэсту з’явілася дзіцячая пляцоўка. Яна так спадабалася Кандрусевічу, што ён прапанаваў святарам першымі яе выпрабаваць. Сам арцыбіскуп з задавальненнем пагойдаўся на арэлях разам з Генеральным вікарыем Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупам Юрыем Касабуцкім.