Футбаліста маскоўскага “Лакаматыва” могуць пакараць за майку з Пуціным
Паўабаронца маскоўскага “Лакаматыва” Дзмітрый Тарасаў можа атрымаць працяглую дыскваліфікацыю за дэманстрацыю футболкі з выявай прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. Санкцыі пагражаюць і самому клубу, паведамляе “Р-Спорт” са спасылкай на крыніцу ва УЕФА.
16 лютага пасля завяршэння матчу 1/16 Лігі Еўропы, у якім “Лакаматыў” саступіў турэцкаму “Фенербахчэ” (0:2), Тарасаў зняў гульнявую майку, пад якой апынулася футболка з партрэтам Пуціна і надпісам “самы ветлівы прэзідэнт”.
Крыніца адзначыла, што ў гэтым выпадку ёсць яўнае парушэнне дысцыплінарнага рэгламенту і відавочная правакацыя. Тарасава могуць дыскваліфікаваць ажно на 10 матчаў. Дзеянні спартсмена расцэньваюцца як форма ідэалагічнай, палітычнай або рэлігійнай прапаганды, якую забараняе Дысцыплінарны рэгламент УЕФА.
Сам Тарасаў заявіў, што хацеў выказаць падтрымку і павагу кіраўніку дзяржавы. Клуб пакуль устрымліваецца ад афіцыйных каментароў.