Футбалісты нямецкага клуба сталі чарнаскурымі на знак пратэсту (фота)
Нямецкі футбольны клуб “Дайнстэр СВ” з рэгіёну Ніжняя Саксонія, які гуляе ў ніжэйшай лізе, зладзіў акцыю на знак пратэсту супраць расізму. Ён апублікаваў у Фэйсбуку фотаздымак усёй каманды, апрацаваны ў графічным рэдактары такім чынам, каб твары ўсіх гульцоў былі зафарбаваныя ў чорны колер.
У “Дайнстэры” гуляюць двое цемнаскурых футбалістаў з Судану. Падчас велікоднага кірмашу аднаго з афрыканцаў збілі. Іншыя гульцы вырашылі падтрымаць калегаў.
“Гвалт у дачыненні бежанцаў — баязліўства. Эмад і Амар, вы адны з нас, і мы шчаслівыя што вы з намі”, — гаворыцца ў допісе да фотаздымка.
Гэты пост сабраў у Фэйсбуку ўжо болей за 20 тысяч лайкаў, а яшчэ амаль 3 тысячы карыстальнікаў падзяліліся ім на сваіх старонках.