Гадалка падманула мінчанку на 150 мільёнаў рублёў (фота)
Падазраваную затрымалі, міліцыя шукае пацярпелых ад яе дзеянняў.
У Фрунзенскае РУУС сталіцы звярнулася мінчанка з паведамленнем, што яе падманулі. Шкоду ад падману жанчына ацаніла ў 150 мільёнаў рублёў.
Як паведамляе прэс-служба мінскай міліцыі, на прыпынку грамадскага транспарту да жаныны падышла цыганка. Яна сказала жанчыне, што яе пераследуе паласа цяжкасцяў, і прапанавала тэрмінова зняць сурокі. Цыганка пераканала жанчыну сустрэцца праз дзве гадзіны і прынесці з сабой грошы, ваду і каштоўнасці з дома.
Сустрэцца жанчыны дамовіліся на Кальварыйскіх могілках. Там цыганка правяла рытуал зняцця сурокаў. А потым яна заявіла, што ад сурокаў трэба ачысціць і каштоўнасці. Для гэтага яна забрала ювелірныя вырабы з сабой — нібыта, на адзін дзень. Аднак назаўтра гадалка на сустрэчу не прыйшла.
Міліцыянты даволі хутка выявілі махлярку. Затрымаць адразу яе не ўдалося — грамадзянка суседняй краіны ўцякла. Злавілі яе толькі ў Бабруйску. 34-гадовую раней судзімую за крадзяжы і махлярства жанчыну даставілі ў Мінск.
Цяпер праваахоўнікі шукаюць пацярпелых ад дзеянняў махляркі не толькі ў Мінску, але і ў іншых гарадах краіны. Звяртацца можна на наступныя тэлефоны: 8-017- 252-02-02, 8-017-213-08-25.
Фота — guvd.gov.by