Галоўнаму патолагаанатаму Мінска выставілі абвінавачванне
Галоўнаму патолагаанатаму Мінска выставілі абвінавачванне. Артыкул — "Атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры" (ч. 3 арт. 430 КК). Абвінавачаны знаходзіцца пад вартай. Высвятляюцца абставіны атрымання хабараў, інфармуе прэс-служба Следчага камітэта.
МУС Беларусі паведаміла пра затрыманне пры атрыманні хабару начальніка Гарадскога клінічнага патолагаанатамічнага бюро 19 чэрвеня. Бізнесмен перадаў яму больш за 5 тысяч рублёў і 300 долараў — найперш за дапамогу ў падпісанні дамоваў на пастаўкі рытуальных прыналежнасцяў для крамы, якая знаходзіцца на тэрыторыі арганізацыі. Галоўнаму патолагаанатаму сталіцы 69 гадоў. Праваахоўнікі сцвярджаюць, што ён браў хабары ад прадстаўнікоў камерцыйных структур на працягу больш за дзесяці гадоў ("адкат" у 10% ад сумы пастаўленага тавару) і атрымаў не менш за 200 тысяч долараў.