Тры галоўныя пытанні следству па справе журналіста Паўла Шарамета
Сёння Паўлу Шарамету споўнілася б 45 гадоў. Але чатыры месяцы таму беларускага журналіста забілі ў Кіеве. І па сёння пытанні з нагоды гэтага забойства да следства застаюцца.
Раніцай 20 ліпеня 2016 года Павел Шарамет выязджае на эфір сваёй праграмы на радыё “Вести”, але паспявае праехаць толькі некалькі соцень метраў — у 7.45 пад днішчам машыны спрацоўвае самаробная бомба. Журналіст памірае на месцы.
Пытанне першае: якія версіі забойства?
Ад самага пачатку следства разглядае чатыры версіі забойства Паўла Шарамета. Іх адразу агучвае дарадца кіраўніка Службы бяспекі Украіны Юрый Тандзіт. Гэта “прафесійная дзейнасць”, “непрыязнасць у адносінах альбо асабістыя матывы”, “рускі след ― з мэтай дэстабілізаваць сітуацыю ва Украіне” і “замах на Алену Прытулу”. Машына, на якой Павел ехаў, належыць яго грамадзянскай жонцы, уладальніцы інтэрнэт-выдання “Украінская праўда” Алене Прытуле.
Праз чатыры месяцы версіі забойства журналіста застаюцца нязменнымі, кажа ў каментарыі Еўрарадыё кіраўнік прэс-службы МУС Украіны Арцём Шаўчэнка:
“Яны (раней агучаныя версіі забойства, ― Еўрарадыё) так і разглядаюцца. Ідзе актыўная праца. Следства выказвае асцярожны аптымізм. Праца не спыняецца. У Нацпаліцыі крымінальная справа, але і аператыўнікі Службы бяспекі працуюць, і Генеральная пракуратура працэсуальна кіруе гэтым усім. І пакуль што гэта ўсё, што мы можам сказаць пра вынікі. А прычыны забойства ― згодна з версіямі”.
Што праўда, адзінай думкі пра тое, якую з пералічаных версій на сёння лічыць галоўнай, ва ўкраінскіх праваахоўнікаў няма. Генпракурор Украіны Юрый Луцэнка лічыць ключавой версіяй забойства помсту за прафесійную дзейнасць журналіста. Дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны Антон Герашчанка заяўляе, што асноўныя версіі не тычацца журналісцкай дзейнасці Шарамета,
Герашчанка сцвярджае, што асноўная версія ― “рускі след”. Праўда, не той, што “з мэтай дэстабілізаваць сітуацыю ва Украіне”, а проста Шарамета замовілі з Расіі. Маўляў, “Шарамет працаваў у Расіі, дзе ў яго засталіся кантакты ў сферах бізнесу і палітыкі”.
Ці ёсць падазраваныя ў забойстве Шарамета?
Ёсць, адказвае прадстаўнік МУС Украіны. Што, па праўдзе, пакуль мала дапамагае следству.
“Злачынства не раскрытае, таму падазрэнне нікому афіцыйна не выстаўлялася. Але непасрэдныя выканаўцы гэтага злачынства ёсць. Адпаведна, па іх ідзе праца, яны зафіксаваныя на запісе відэаназірання. Але не больш за тое: як былі яны ад пачатку, так яны ёсць і цяпер. Шукаем”.
Апроч не вельмі добра бачных твараў на відэазапісе, у следства няма нічога ― ні прозвішча, ні верагоднага месца знаходжання забойцаў Шарамета. Ну, ці нам пра гэта не кажуць…
Ці ёсць падазраваныя замоўнікі забойства?
Тут адказ вельмі падобны на папярэдні:
“Ну, нічога мы не можам сказаць, зразумейце. Следства нічога не кажа нам наконт вынікаў. Апроч таго, што яно (следства, ― Еўрарадыё) актыўна працуе”.
Такім чынам, усё, што мы маем па справе Паўла Шарамета, гэта ― “асцярожны аптымізм” следства. Відаць, наконт таго, што справа ўсё ж некалі будзе раскрытая. Што праўда, патлумачыць, што азначае гэты “асцярожны аптымізм”, Арцём Шаўчэнка не можа. Кажа, што не ведае. Маўляў, следства яму пра гэты свой аптымізм пастаянна кажа, але яго не тлумачыць.