Гамяльчанін, які ўзбударажыў мясцовую ўладу: Праверку спусцілі на тармазах
Аляксандр Транкуноў працягвае “вайну” са сваім былым прадпрыемствам і чыноўнікамі, лічыць, што выкрывае хібы, якія “могуць абярнуцца бядой для краіны”
У пачатку лютага Еўрарадыё распавядала гісторыю былога супрацоўніка “Гомельліфта” Аляксандра Транкунова. Даволі шараговая для Беларусі сітуацыя перарасла ў скандал з удзелам высокіх чыноўнікаў. Цяпер гамяльчаніна ведае бадай усё кіраўніцтва вобласці і ўсе праваахоўнікі.
Пракуратура правярае Гомельскі аблвыканкам наконт непрыняцця мер
Мужчына не пагадзіўся са сваім звальненнем з “Гомельліфта” і пачаў яго аспрэчваць, патрабуючы пакараць вінаватых. Бясконцыя праверкі і суды цягнуцца пяты год. Сітуацыя вылілася ў тое, што пракуратуры Гомельскай вобласці загадалі праверыць чыноўнікаў з мясцовага аблвыканкама наконт “непрыняцця мер”. Здарылася гэта на фоне карупцыйных скандалаў, ад якіх у апошнія гады трасе кіраўнічую вертыкаль вобласці.
Вынікі праверкі мусілі з’явіцца ў сярэдзіне лютага. Але дагэтуль ніякай інфармацыі на гэты конт няма.
“Адказу дагэтуль не далі, такое ўражанне, што праверку спусцілі на тармазах. Я лічу, гэта адбываецца таму, што ў сітуацыю замяшаныя буйныя кіраўнікі на ключавых пасадах у ведамствах”, — лічыць Транкуноў.
У пацвярджэнне сваёй праўды мужчына апелюе шматлікімі пастановамі міліцыі, у якіх раз за разам адмаўляюцца прыцягваць кіраўніцтва “Гомельліфта” да крымінальнай адказнасці. Аднак ужо пяць такіх пастаноў былі адмененыя пракуратурай. Зазвычай пасля адменаў з’яўляецца новая пастанова МУС, якую ў сваю чаргу таксама адмяняюць як незаконную. Сітуацыя выглядае як замкнёнае кола. Аляксандр Транкуноў лічыць, што гэта сведчыць аб праблемах у праваахоўных органах.
Гамяльчанін вядзе юрыдычную барацьбу з 2010 года. Суды і перапіскі адбіраюць шмат часу і сілаў. Таксама Транкуноў сцвярджае, што не можа пайсці на працу праз непраўдзівыя характарыстыкі на яго.
У папярэднім матэрыяле гендырэктар “Гомельліфта” Валерый Карняенка выказаў здагадку, што былы падначалены судзіцца з прадпрыемствам, бо хоча “нідзе не працаваць і пры гэтым атрымаць вялікія грошы”. Прычынай звальнення Транкунова ён назваў дрэннае выкананне абавязкаў, бо “праца была зробленая несвоечасова, і людзі хадзілі пехам на 16 паверх”.
“У час, калі я ўзначальваў брыгаду на “Гомельліфце”, падначаленыя ўзялі восем дыпломаў з дзесяці на конкурсе профмайстэрства”, — прыводзіць свае аргументы супраць сам Аляксандр Транкуноў.
Гамяльчанін лічыць сваёй місіяй не “паказаць сябе пакрыўджаным і гаротным”, а выкрыць праблемы, якія, як яму падаецца, існуюць у нашай дзяржаве.
“Вядома пра шматлікія парушэнні на прадпрыемстве, якія ўстанавіў суд. Але дастатковыя меры, каб гэта спыніць, не прымаліся. Да таго ж ёсць высокая імавернасць карупцыі. А вы добра бачыце, чым карупцыя абярнулася ў той жа Украіне”, — рэзюмуе Транкуноў.
Мужчына плануе дабіцца пакарання вінаватых і ўрэшце знайсці працу, каб нармальна карміць сям’ю.