Гамяльчук некалькі разоў ударыў супрацоўніка ДАІ, які затрымаў яго сваяка
Падлетка затрымалі за язду без шлема на мапедзе / скрыншот відэа vk.com/uvd.gomel
Гомельскія сілавікі затрымалі мясцовага жыхара, які некалькі разоў ударыў супрацоўніка ДАІ. Міліцыянт у гэты момант знаходзіўся ў машыне і размаўляў з падлеткам. Падлетак парушыў правілы дарожнага руху, кажуць ва УУС Гомельскага аблвыканкама.
Гісторыя пачалася з таго, што гэты падлетак (яму 14 гадоў) стаяў ля аднаго з дамоў у вёсцы Шарсцін Веткаўскага раёна, убачыў аўтамабіль ДАІ, сеў на мапед і паехаў. На мапедзе не было рэгістрацыйных знакаў, а на хлопчыку — шлема. Супрацоўнікі ДАІ запатрабавалі спыніцца, хлопец не адрэагаваў. Яго пачалі пераследаваць — з ужо ўключанымі светлавымі і гукавымі сігналамі. На павароце падлетак не справіўся з кіраваннем, наехаў на бардзюр і перакуліўся.
"Для правядзення тлумачальнай гутаркі кіроўца з супрацоўнікам прайшлі ў службовы аўтамабіль. Парушальнікам аказаўся 14-гадовы жыхар Гомельскага раёна. У момант разбору да аўтамабіля ДАІ падышоў невядомы, прадставіўся сваяком затрыманага і, адкрыўшы дзверы кіроўцы, нанёс некалькі ўдараў кулаком супрацоўніку, пры гэтым выказваючы пагрозы", — кажуць у Гомельскім УУС. Пасля гэтага мужчына забраў дзіця і сышоў. У міліцыі сцвярджаюць, што нападнік быў нецвярозы. Яго ўжо затрымалі. Завялі крымінальную справу. Мужчыну пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.