Ганна Канапацкая не збіраецца адмаўляцца ад кампаніі "Наперад, Беларусь!"

Ганна Канапацкая не збіраецца адмаўляцца ад кампаніі "Наперад, Беларусь!"

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая адказала на крытыку з боку аднапартыйцаў па АГП, незадаволеных стартам грамадзянскай кампаніі “Наперад, Беларусь!”. “Сапраўды, некаторыя фармулёўкі маёй заявы былі не зусім карэктныя, што выклікала масу пытанняў. Я не раз у сваіх выступах у СМІ падкрэслівала і зноў звяртаю ўвагу, што гэта грамадзянская кампанія. Яе кіраўніком з'яўляецца мой памочнік Дзяніс Ціханенка”, — тлумачыць яна на сваёй старонцы ў Facebook.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька раней заяўляў, што Канапацкая мусіць абвергнуць свой намер стварыць уласны грамадзянскі рух. Маўляў, "усё было зроблена для стварэння інфармацыйнай хвалі". Аднак падобна да таго, што дэпутат не збіраецца адмаўляцца ад сваёй ідэі:

“У рамках работы правацэнтрысцкай кааліцыі я працягваю падтрымліваць і матываваць людзей, якія адкрыта гатовы прыняць актыўны ўдзел у палітычным жыцці краіны, у тым ліку ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. Яшчэ раз заклікаю ўсіх неабыякавых людзей быць актыўнымі, станавіцца кандыдатамі альбо далучацца да каманд кандыдатаў на мясцовых выбарах ад кааліцыі. Сучаснасць і будучыня нашай краіны залежыць толькі ад нас з вамі, ад таго, ці гатовыя мы браць адказнасць за яе лёс”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі