Гараўскі: за забойства Ганчара байцам "эскадрона смерці" далі па $1000
16 снежня на DW выйшаў дакументальны фільм "Забойства праціўнікаў Лукашэнкі ў Беларусі — споведзь саўдзельніка". Беларус Юрый Гараўскі праз нейкі час пасля замаху на яго ўцёк на Захад. Ён сцвярджае у фільме, што пяць гадоў служыў у спецыяльным атрадзе хуткага рэагавання ўнутраных войскаў МУС Беларусі і быў у складзе "эскадрона смерці" (поўны тэкст інтэрв'ю тут).
Увечары 7 траўня 1999-га група байцоў, у тым ліку і Гараўскі, выкралі ў Мінску апазіцыйнага дзеяча, генерала Юрыя Захаранку, прывезлі яго на вучэбны палігон "Валоўшчына" пад Мінскам ("Зрабіце так, каб не было балюча", — пераказвае словы генерала ўдзельнік выкрадання і забойства). Захаранку застрэліў з афіцыйнага "расстрэльнага" пісталета камандзір групы, у багажніку аўтамабіля цела прывезлі назад у Мінск у крэматорый.
Гараўскі: "Мы, байцы, мы выканаўцы, мы затрымлівалі, не мы націскалі на спускавы кручок. Не мы прыводзілі ў выкананне загад аб ліквідацыі".
16 верасня 1999-га ў Мінску выкралі апазіцыйнага дзеяча Віктара Ганчара і бізнесмена Анатоля Красоўскага. Гараўскі сцвярджае, што са сталіцы іх прывезлі на базу падраздзялення каля Бягомля. Там у лесе Ганчара і Красоўскага застрэлілі.
Гараўскі: "У метрах 50 была выкапана яма, падрыхтавана, мы іх распранулі... былі спалены рэчы іх, а абутак разам з імі быў кінуты ў яму і закапаны".
За забойства Ганчара байцам "эскадрона смерці" далі па 1000 долараў, сцвярджае Гараўскі. Па яго словах, ім сказалі, што ў Ганчара быў кампрамат на кіраўніка дзяржавы, што ён "няправільна прыйшоў да ўлады". Усе загады байцы атрымлівалі толькі ў вуснай форме.
Юрый Гараўскі кажа, што адчувае віну. Ён думае, што каб Юрый Захаранка і Віктар Ганчар засталіся жывыя, у Беларусі "нешта было б інакш".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.