Гайдукевіч: Лябедзька і Калякін прывялі краіну да таго, дзе яна цяпер

Расказваць загадзя абяцаную “праўду аб цякучай палітычнай сітуацыі” намеснік старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч пачынае з ганьбавання самой ідэі “Народнага рэферэндуму”.



Алег Гайдукевіч: “Дзмітрыеў (намеснік лідара кампаніі “Гавары праўду”. — заўв. Еўрарадыё) прыдумаў гэты “Народны рэферэндум”. Паабяцаў грошы БНФ — таму яны і падключыліся, паабяцаў грошы “За свабоду” — яны падключыліся да гэтых працэсаў. Усё звязана з грашыма! Ніякага “Народнага рэферэндуму” ніколі не будзе, ніякіх подпісаў ніхто ніколі не збярэ, ніякіх пытанняў ніхто ніколі не вынесе. Усё гэта было зроблена дзеля адной мэты — зарабіць грошы”.



Маўляў, зараз распішуць праграму мерапрыемстваў на некалькі гадоў наперад і пойдуць з ёй па еўрапейскіх фондах — прасіць пад сваю ідэю грошай. І гэта, абураецца Гайдукевіч, замест таго, каб рыхтавацца да мясцовых і прэзідэнцкіх выбараў! Як гэта робіць ЛДПБ.



Алег Гайдукевіч: “Горад Мінск і ўсе абласныя цэнтры рэспублікі — ужо кандыдаты гатовыя (для ўдзелу ў восеньскіх выбарах у мясцовыя саветы. — заўв. Еўрарадыё). Зараз мы пачынаем рыхтаваць кандыдатаў у мясцовыя саветы — сыходзім у правінцыю”.



І будзе гэтых кандыдатаў не менш як 6 тысяч! З гэтай нагоды нават адмысловы перадвыбарны сход партыі плануюць правесці ў канцэртнай зале “Мінск” — у іншых памяшканнях не змесцяцца ўсе дэлегаты.



Але на “Народным рэферэндуме” ды БНФ і “За свабоду” Гайдукевіч не спыняецца — ідзе далей граміць апазіцыю. Знаходзіць вінаватых у тым, што ў нас не развіваецца грамадзянская супольнасць.



Алег Гайдукевіч: “Хто вінаваты ў тым, што ў краіне няма рэформаў грамадзянскай супольнасці, няма партыйных спісаў і дэмакратыя знаходзіцца не на тым узроўні, на якім хацелася б нам, нашай партыі?! Апроч таго, што ўлада не робіць таго, што мы просім, то вінаватыя ў гэтым найбольш яны — лідары апазіцыі, якія сядзяць там з 1996 года. Лябедзька, Калякін — усе дэпутаты Вярхоўнага савета апошняга склікання. Гэта яны ў 1996 годзе прывялі краіну да таго, дзе яна знаходзіцца цяпер!”



А зараз, кажа Гайдукевіч, толькі тым і займаюцца, што радыкальнымі дзеяннямі дыскрэдытуюць усю апазіцыю. Відаць, маецца на ўвазе ЛДПБ. І сыходзіць з палітыкі не хочуць, даваць дарогу маладым, абураецца нядаўні міліцыянт. Праўда, высвятляецца, што і маладыя з іншых партый не падабаюцца Гайдукевічу.



Алег Гайдукевіч: “Пасадзілі майго былога намесніка ў турму. Адкрываю відэа: Вольга Карач (кіраўнік грамадзянскай ініцыятывы “Наш дом”. — заўв. Еўрарадыё) з такой нянавісцю: “Вось, ты сядзіш у турме”, — і складае яму нейкія сексуальныя прыналежнасці, трусы, яшчэ нешта. І ты балатуешся кандыдатам у прэзідэнты?! У цябе ў душы столькі нянавісці — пра што ты думаеш, як ты можаш пра гэта казаць? Ты — палітык?! Адкуль у жанчыны столькі нянавісці?!”



Не апраўдаў надзей і малады лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Затое Гайдукевіч пахваліў Зянона Пазняка.



Алег Гайдукевіч: “Зянон Пазняк — сапраўдны лідар Беларускага народнага фронту. Ён быў ім і застаўся. Як з’ехаў Зянон Пазняк — няма Фронту, ён перастаў існаваць. Калі раней БНФ была правай партыяй, то зараз яна цалкам прадалася Захаду і ніякіх адносінаў да абароны нацыянальных інтарэсаў не мае”.



Дый “Белая Русь” — пенсіянеры-функцыянеры-кансерватары, якія супраць любых рэформ. Дасталася ад Гайдукевіча чыноўнікам, якія нічога не робяць для таго, каб “разгрузіць склады”, і дэпутатам парламенту, якія гэтых чыноўнікаў не выклікаюць на “разборкі”.



Алег Гайдукевіч: “Ён (чыноўнік. — заўв. Еўрарадыё) павесіў партрэт прэзідэнта ў кабінеце і сядзіць цэлы дзень пад гэтым партрэтам — недатыкальны такі! Пакуль яго не пасадзяць ці не здымуць. І яго ніхто не чапае. А нашы дэпутаты нікога не завуць — адказваць на вострыя пытанні. Яны там то “блакітных” абмяркоўваюць, то яшчэ што — трэба займацца канкрэтнымі справамі!”



І прапаноўвае раздаць сябрам ЛДПБ узоры прадукцыі, кошты, а яны накіруюць іх па ўсім свеце — прасоўваць беларускае. Але ў адказ ёсць да ўлады ў ліберал-дэмакратаў адно маленькае патрабаванне: абіраць дэпутатаў па партыйных спісах. Хаця б не ўсіх, а палову. Ну, каб праз паўгода склады наноў затавараныя не стаялі.



Адказваючы на пытанне Еўрарадыё наконт суда над Гайдуковым, былы начальнік Фрунзенскага РАУС перастае быць шматслоўным. Але пагаджаецца: дарэмна суд зрабілі закрытым.



Алег Гайдукевіч: “Улада робіць памылку, што нічога не расказвае — як заўсёды. Як у метро — потым ніхто не паверыць, што гэта зрабілі Канавалаў і Кавалёў. І чаму не паверыла грамадства? Бо не трэба было нічога хаваць! Так і тут: раскажыце, як і што, дакажыце, шпіён — у турму! А так — я не зразумеў, які ён шпіён і што ён мог шпіёніць”.



І толькі кіраўнік краіны не пачуў ад Гайдукевіча-малодшага ніводнага дрэннага ці крытычнага слова. Склалася ўражанне, што толькі ўсе вышэйпералічаныя перашкаджаюць прэзідэнту і ЛДПБ навесці ў краіне парадак і даць людзям спакой ды дабрабыт.


 

Фота і відэа: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі