Гайдукевіч: Я першы пра свабоду палітвязням сказаў. Бо ўсе астатнія сядзелі

120724 Luka6uk_Gaidukevi4.mp3

Еўрарадыё: Партыі актыўна рэгістравалі ініцыятыўныя групы. А пра вас нешта нічога не чуваць. Перадумалі ісці на выбары?


Сяргей Гайдукевіч: Я ўвогуле не разумею — што хлопцы робяць!? Чаго яны хочуць? Давай паглядзім на паводзіны трох палітычных сіл, якія заяўляюць, што яны адзіныя тут змагары за дэмакратыю і свабоду. Я не буду нават ўзгадваць 2010 год, калі ўлада больш за ўсё баялася, што ўсе следам за мной здымуцца. Але ўсе хорам пайшлі. Атрымалі па твары і заявілі: “Выбараў у Беларусі няма!” І ўсе да адзінага заявілі, што не будзем удзельнічаць у выбарах, пакуль у краіне будуць палітвязні. Потым умовы змякчылі: пойдзем, галоўнае, каб дыялог пачаўся і выбарчае заканадаўства змянілася. Ізноў у адказ нічога. Далей больш: пойдзем спікерамі, але здымемся. Як патлумачыць далёкаму ад палітыкі чалавеку, што гэта азначае? Навошта ісці, каб потым зняцца?


Еўрарадыё: Чакайце, дык а што з вашымі абяцанымі 110 кандыдатамі? Яны пойдуць?


Сяргей Гайдукевіч: Канешне! Яны ўсе вылучаныя 7 ліпеня на з’ездзе партыі. Я тады ўсім сказаў: "Хлопцы, вам на ўсё — месяц!" І яшчэ загадаў: “Перакрыць усе акругі. Каб у кожным дзіцячым садку і школе ведалі, што ЛДПБ ідзе на выбары. Каб на кожнай улётцы быў мой партрэт у куце і подпіс: “Галасуем за сябраў ЛДПБ — за намі будучыня!” Праўладныя дэпутаты выйграюць з першага тура — за іх настаўнікі будуць агітаваць — вам пляваць! Ідзіце туды і ўсё кажыце: “Я разумею, што не буду ў парламенце. Вунь, бачыце, ідзе клоўн ад улады — ён там будзе!” Але трэба ісці і гаварыць з людзьмі.


А вось навошта рэгістраваць ініцыятыўныя групы!? З’езд трэба было загадзя правесці, а не глупствамі займацца! А ў іх на калі запланаваныя з’езды? Я так падазраю, няма нават 60-70 чалавек на вылучэнне кандыдатамі. У нас 110 чалавек, і мы толькі зараз завяршаем падрыхтоўку дакументаў. Безліч дакументаў, 110 тэчак. Калі яны з’езды адклалі, то, падазраю, структур няма ў вобласці ці нейкім горадзе. І тупа ўсе рвануць у гарады. У Мінску на адной акрузе збяруцца кандыдаты ад БНФ, АГП, "Справядлівага свету", і адны будуць гарлапаніць: “Ідзем да канца!”, другія — “Усе падлюгі, хто ідзе — здымацца”. Улада смяецца! І АБСЕ запрасілі: хочаце глядзець — глядзіце!


Еўрарадыё: Каб не рэгістраваць ініцыятыўныя групы, партыям трэба было пачынаць са з’езду?


Сяргей Гайдукевіч: Безумоўна! Зараз зрабілі палёгку: не структуры партыі вылучаюць кандыдатаў, а з’езд. Але структуры павінны быць у рэгіёнах. Можа, у іх структур няма? Калі з маіх нехта скажа: “Хачу зарэгістраваць ініцыятыўную групу спачатку, каб пахадзіць па акрузе, пазнаёміцца”, я кажу: “А навошта? Мы ж вынікі выбараў ведаем!”.


Мы спачатку хацелі вылучыць 240 чалавек, ісці такім вялікім натоўпам. Але потым вырашылі пакінуць толькі 110 чалавек, у кожна не менш як 25 чалавек ініцыятыўная група.


Еўрарадыё: Можа ўсе ў адзін дзень панясуць дакументы?


Сяргей Гайдукевіч: Не, так не будзе. Але да 12 жніўня ўсе пададуць і, я думаю, усе будуць зарэгістраваныя. Не! У нас адзін чалавек памёр — у Брэсце. Мы яго на з’ездзе вылучылі, але ён пасле з’езду памёр, і мы не можам яго замяніць. Толькі калі новы з’езд праводзіць. А рэгістраваць ініцыятыўную групу, каб нешта тупа даказаць! Вялікай ролі не іграе — хай будзе 109.


Еўрарадыё: Але вас у спісах гэтых няма?


Сяргей Гайдукевіч: А што там рабіць нармальнаму чалавеку? Я ж не малады! Паглядзі, у мяне там адна моладзь ідзе. Самаму сталаму, здаецца, 38-40 гадоў. Хай ідуць, працуюць, кажуць, што хочуць, друкуюцца! Яны ж для мяне робяць вялізную працу. І зараз толькі лянівы не ведае Гайдукевіча, а зараз усе будуць ведаць, што рвецца Васіліч! Рыхтуйцеся да 2015 года — бамбіць будзем вас па поўнай праграме! Я збіраюся не ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі — я буду выйграваць прэзідэнцкую кампанію. У любога!


Еўрарадыё: Ну, вы перад кожнымі выбарамі кажаце, што абавязкова гэтым разам пераможаце...


Сяргей Гайдукевіч: Іншы час прыйшоў: у мяне іншы ўзрост, у мяне іншы вопыт, іншыя варыянты ідуць.


Еўрарадыё: Вашы кандыдаты пойдуць на выбарах да канца?


Сяргей Гайдукевіч: Безумоўна. Інакш усё будзе дарэмна. Гэта тут у тусоўцы адзін аднаму паказваюць: “А я вось зраблю вось так!” І ніхто не спытаецца ў людзей — як яны да гэтага ставяцца. Просты выбаршчык павінен разумець, які сэнс у тым, што кандыдат здымецца. Ты ўжо прыйшоў на выбары, улада табе папляскае ў ладкі, а далей здымешся ты ці не — хто пра гэта даведаецца? Большасць людзей пачынае вывучаць кандыдатаў у дэпутаты ў той момант, калі ідзе галасаваць.


Еўрарадыё: Кандыдаты ад іншых партый падчас кампаніі будуць гаварыць пра палітзняволеных, адсутнасць выбараў. А вашы кандыдаты пра што?


Сяргей Гайдукевіч: Нашы людзі такія ж нармальныя, як і тыя, хто пра гэта заяўляе. Толькі адна рэч заяўляць — а хто будзе рабіць? У студзені ці лютым 2011 года Гайдукевіч зрабіў заяву: неабходна вызваліць усіх зняволеных! Там нікога яшчэ не было — усе сядзелі. І гэта зрабіў Гайдукевіч! Няўжо вы думаеце, што мае людзі абыякава ставяцца да тых трагічных падзей?

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі