Генштаб Украіны паведаміў, што пачынае адвод цяжкіх узбраенняў
Ад лініі размежавання ўкраінскія вайскоўцы адводзяць 100-міліметровыя гарматы.
Украінскае войска пачало адвод цяжкога ўзбраення ад лініі размежавання на ўсходзе. Пра гэта інфармуе УНІАН са спасылкай на прэс-службу Міністэрства абароны Украіны.
Гэта першы крок да адводу цяжкага ўзбраення, ён будзе адбывацца пад маніторынгам і пры верыфікацыі АБСЕ, адзначае Генштаб. Украінскі бок патрабуе поўнага спынення агню і неадкладнага выканання Мінскіх пагадненняў ад усіх падпісантаў. Калі сепаратысты паспрабуюць наступаць, "графік адводу цяжкога ўзбраення будзе скарэктаваны".
Нагадаем, што 12 лютага ў Мінску была дасягнутая дамова: украінскія войскі адвядуць цяжкое ўзбраенне ад фактычнай лініі судакранання, а сепаратысты — ад лініі, абазначанай на перамовах верасня 2014 года.
Фота — Reuters