Гісторыя прафсаюзнага лідара 90-х: "Абараняць людзей, якія табе паверылі"

Міхаіл Марыніч / Еўрарадыё
Міхаіл Марыніч / Еўрарадыё

— Паглядзіце фільм "Кулак", там добра іграе Сталонэ і дакладна паказана рабочая барацьба ў Амерыцы 30-х, з чаго людзі пачыналі прафсаюзную барацьбу, як яны ішлі і чаго дамагліся, — раіць карэспандэнту Еўрарадыё Міхаіл Марыніч, прафсаюзны лідар 90-х.

Нам цікавейшая гісторыя самога Марыніча, які ў 90-х дамагаўся своечасовай выплаты заробкаў для мазаўцаў і раскрываў схемы "заводскай мафіі".

Міхаіл Мітрафанавіч паказвае сяброўскі білет Свабоднага прафсаюза металістаў. Гэты дызайн з бел-чырвона-белай сімволікай зарэгістравалі ў 1999 годзе. Як растлумачыць Мінюсту спалучэнне колераў, прыдумаў сам Марыніч.

История профсоюзного лидера 90-х: “Защищать людей, которые тебе поверили”
Так выглядае сяброўскі білет Свабоднага прафсаюза металістаў

— СПМ — гэта людзі, якія працуюць з металам. Метал мае белы колер. Калі яго награваюць, ён набывае вішнёвае адценне. Потым праходзіць загартоўку і астуджаецца. Як метал гартуецца ў гэтым працэсе, так і людзі загартоўваюцца ў нашым прафсаюзе.

Словам, у Мінюсце сімволіку зарэгістравалі.

 

Перадгісторыя: малака і мяса ў крамах не выяўлена

"Шмат не бяру, мне хопіць і чвэртачкі хлеба <...> Шчыра скажу, не ведаю, як пражыць на сваю пенсію", — гэта ўрывак з рэпартажу "Советской Белоруссии", напісанага па матывах рэйду журналіста па мінскіх крамах у красавіку 91-га.

Кароткія вынікі рэйду таго дня: цэны выраслі, малака і мяса не выяўлена. Ужо ў наступных нумарах у газеце будуць фатаграфіі запоўненай рабочымі-забастоўшчыкамі плошчы Леніна ў Мінску.

История профсоюзного лидера 90-х: “Защищать людей, которые тебе поверили”
У "Советской Белоруссии" пісалі пра пустыя паліцы крамаў

— Эканоміка дыктуе палітыку, вызначае і ідэалогію, і культуру, — кажа Міхаіл Марыніч, выпускнік філасофскага факультэта БДУ, які больш за сорак гадоў адпрацаваў на мінскіх заводах. Спярша — на МАЗе, потым — на МЭТЗ.

Ён успамінае, як чацвёртага красавіка работнікі мінскіх прадпрыемстваў пачалі сцякацца на плошчу Леніна. У гэты час Федэрацыя прафсаюзаў якраз абмяркоўвала з урадам, як людзям жыць далей і дзе ўзяць на гэта грошы. Урад вырашыў забяспечыць тых, хто сабраўся, гукаўзмацняльнай апаратурай. Людзі адправілі сваіх прадстаўнікоў на перамовы.

Ужо да выхадных, 6 красавіка, перадавіца "Советской Белоруссии" выходзіла з загалоўкам "Выратуе нас толькі праца". Урад паспрабаваў дамовіцца з рабочымі, акрэслілі мэты: знізіць цэны ў лёгкай прамысловасці, нацэнкі ў рабочых і школьных сталовых і буфетах, а заробкі — паэтапна павысіць.

История профсоюзного лидера 90-х: “Защищать людей, которые тебе поверили”
"Советская Белоруссия" расказвае, пра што дамовіліся рабочыя і ўрад

Пасля тых красавіцкіх падзей на мінскіх прадпрыемствах і з'явіліся першыя стачкамы, якія ўзялі на сябе абарону інтарэсаў рабочых. Марыніч тады працаваў слесарам на МАЗе, быў намеснікам старшыні заводскага стачкама, быў у гарадской стачцы.

— Намі былі вылучаны ў тым ліку і палітычныя патрабаванні. Адстаўка Гарбачова, адстаўка Вярхоўнага Савета БССР, адстаўка ўрада.

Адміністрацыі заводаў не адразу, але ўступілі з завадчанамі ў дыялог, а ў выніку падпісалі і паперы з абяцаннямі выправіць сітуацыю.

— Але стачкамы, забастовачны камітэт — гэта не арганізаваны рабочы рух, арганізаваны рух — гэта прафсаюз. І пасля красавіцкіх падзей паўстала пытанне пра стварэнне незалежнага прафсаюза. Федэрацыя прафсаюзаў гэта прамаргала, — кажа Міхаіл Мітрафанавіч.

І тлумачыць: "прамаргала" — таму што ў 1991 годзе Федэрацыя падпісала з урадам "адно вельмі нядобрае пагадненне". Па гэтым дакуменце Федэрацыя абяцала выяўляць завадатараў забастовак і прыцягваць іх да суда. Зрабіць гэтага не зрабіла, але рэпутацыю сабе сапсавала.

І ўвосень, у лістападзе 1991 года, адбылася ўстаноўчая канферэнцыя Свабоднага прафсаюза Беларусі.

На нейкіх заводах стачкамы змаглі перахапіць ініцыятыву ў афіцыйнага прафсаюза. А на МАЗе зрабілі інакш — стварылі Свободны прафсаюз работнікаў МАЗ, пачалі набіраць у яго людзей.

— У выканкаме былі людзі, якія нам дапамагалі, якія былі звязаныя з расследаваннем ГКЧП на прадпрыемстве, яны паспрыялі рэгістрацыі нашага прафсаюзнага статута. І так да студзеня 1992 года мы атрымалі афіцыйную рэгістрацыю. Наш гендырэктар таксама быў лаяльны да незалежнага прафсаюза. Ён ездзіў у камандзіроўкі за мяжу, у прыватнасці, у Польшчы бачыў, што на некаторых заводах існуе па два, па тры прафсаюзы.

История профсоюзного лидера 90-х: “Защищать людей, которые тебе поверили”
Міхаіл Марыніч / Еўрарадыё

У 1996 годзе Міхаіла Мітрафанавіча абралі старшынёй Свабоднага прафсаюза работнікаў МАЗ, на наступны год ён узначаліў рэспубліканскі Свабодны прафсаюз металістаў.

— Я пагадзіўся. Трэба было наладжваць адносіны з адміністрацыяй, заключаць калектыўную дамову.

І ў наступныя некалькі гадоў Марыніч узначальваў барацьбу за прыстойныя заробкі для завадчан.

 

Як працаваў прафсаюз: нават у адміністрацыі нас падтрымлівалі

Калектыўную дамову прымалі калегіяльна ў прысутнасці сябраў афіцыйнага і незалежнага прафсаюзаў і адміністрацыі завода.

— Зачытваецца нейкі пункт, і пачынаецца абмеркаванне. Пункт павінен прымацца кансэнсусам. Калі нейкі бок не згодны, ён не можа быць прыняты. І вось у 1998 годзе мы заяўляем: сярэдні заробак павінен дасягаць 220 адсоткаў мінімальнага спажывецкага бюджэту. Адміністрацыя кажа: мы згодныя толькі на 180 адсоткаў. Афіцыйны прафсаюз маўчыць: яны баяцца, у іх шэрагах уся адміністрацыя, каго абараняць — рабочых ці адміністрацыю? І пачынаюцца спрэчкі. У выніку сыходзімся на двухстах працэнтах, але гэта ж лепш, чым 180!

Дзеянне калектыўнай дамовы распаўсюджваецца на ўсіх. Тыя, хто знаходзіўся ў афіцыйным прафсаюзе, ведалі, што за іх заробкі пастаяць "незалежныя".

— І вырашалі ў нас на заводзе так: ну, буду знаходзіцца ў афіцыйным прафсаюзе, усё роўна Марыніч даможацца свайго — і будзе ўсім добра. І адміністрацыя не будзе коса глядзець, а то начальнік цэха ў афіцыйным, а ты — у неафіцыйным. Няёмка.

У нашым прафсаюзе на МАЗе было дзве тысячы чалавек, а выйгравалі ад гэтага і астатнія 18 тысяч. Але і калі ласка, мы ў гэтым не былі пакрыўджаныя. Дый у адміністрацыі многія нас падтрымлівалі.

У 1996 годзе пачалі затрымліваць заробкі. На заводзе тады сабралі мітынг. Выпуск навін на БТ ад 19 жніўня пачаўся з таго, што МАЗ спыніўся: людзі патрабуюць своечасовай выплаты заробку і адпускных.

История профсоюзного лидера 90-х: “Защищать людей, которые тебе поверили”
Міхаіл Марыніч / Еўрарадыё

— Мы стварылі ініцыятыўную групу, запатрабавалі, каб для арганізатараў мітынгу была забяспечаная трыбуна і гучнагаварыцель. Пашылі бел-чырвона-белыя павязкі з гербам "Пагоня" і надпісам — "дружыннік" для забеспячэння парадку сярод мітынгоўцаў. Калі з заводам пытанне вырашыць не атрымаецца, сказалі, што пойдзем па вуліцы. Пастроімся — і пойдзем да Лукашэнкі.

Да абеду народ ужо сабраўся на тэрыторыі завода. "Ну што, пачынаем?" — спытаў Марыніч і ўстаў за трыбунай, абвясціў сход работнікаў завода адкрытым. Абралі старшыню сходу.

— Гендырэктар да мікрафона лезе. А я яму кажу: пачакай, цяпер людзі галасуюць.

Усе павінны выступаць па чарзе. Вы не старшыня прафсаюзнага сходу.

За прахадной завода тады стаяла здымачная група тэлеканала НТВ. Да завадчан журналістаў не пускалі. І тады завадчане прагаласавалі — прапусціць НТВ!

Журналістаў прапусцілі.

І заробкі тады таксама выплацілі.

История профсоюзного лидера 90-х: “Защищать людей, которые тебе поверили”
Мінскі аўтамабільны завод / БЕЛТА

— Да канца 1996-га на МАЗе была самая нізкая зарплата па рэспубліцы. Пачалі ставіць пытанне па заробку перад адміністрацыяй, да 98 года выйшлі на добрае месца па краіне.

Міхаіл Мітрафанавіч расказвае, як адрозніваўся заробак простага рабочага ад заробку гендырэктара ў 90-х. І прапануе параўнаць з сённяшняй сітуацыяй, калі заробкаў дырэктараў ніхто не ведае.

— Калі мой заробак быў трыста рублёў, гендырэктар атрымліваў шэсцьсот. Сябра палітбюро партыі — 800 рублёў. Гарбачоў — тысячу. Цяпер заробкі гендырэктараў так засакрэчаныя, што, мабыць, іх страшна паказваць "простаму смяротнаму".

Як павінен працаваць прафсаюз: прыйшоў старшыня — будзе сур'ёзная размова

— Сапраўдны прафсаюзны лідар павінен свабодна ўваходзіць да гендырэктара. Калі я заходзіў у прылазнік перад яго кабінетам, там ужо стаяла чарга з прадстаўнікоў фірмаў. А сакратарка прапускала мяне першым. У чарзе абураліся: хто такі? Сакратарка казала: гэта старшыня прафсаюза, свабодны прафсаюз на прадпрыемстве карыстаецца павагай.

Кіраўнік прафсаюза павінен ведаць, якія грошы мае завод, гэтыя звесткі па калектыўнай дамове павінны былі давацца свабоднаму прафсаюзу ў форме статсправаздачы. Так і было.

— Трэба ведаць становішча прадпрыемства, трэба, каб на ім выпускалася нармальная прадукцыя. Таму што калі ёсць адзін голы завод — ты нічога не падымеш, як ні крычы пра заробкі. І мы ведалі, калі можна павысіць заробак, а калі трэба пачакаць.

История профсоюзного лидера 90-х: “Защищать людей, которые тебе поверили”
Загаловак у "Народнай волі": "МАЗ — самы папулярны грузавік"

Прафсаюз паспрабаваў змагацца не толькі за заробкі, але і супраць "заводскай мафіі". Напрыклад, актывісты высветлілі, што частка партыі рухавікоў, якія адгружаліся на МАЗ з Яраслаўскага маторнага завода, "гублялася" дзесьці ў дарозе. Наладзілі кантакт з прафсаюзам Яраслаўскага, атрымлівалі зводку: адпраўлена ў Мінск столькі і столькі рухавікоў. Адным словам, да 1997 года, калі на МАЗ прыехаў Лукашэнка, прафсаюз ужо ладна стаміў адміністрацыю.

— Мафіі заводскай гэта не падабалася, яны вырашылі пазбавіцца ад нашай арганізацыі. З прыходам Лукашэнкі да ўлады пачаўся ціск не толькі на палітычныя структуры, але і на прафсаюзы. У 97 годзе, калі ён наведваў наш завод, гендырэктар скардзіўся, маўляў, ёсць прафсаюз, які тузае кіраўніцтва больш, чым трэба.

І кіраўніцтва вырашыла тузаць больш, чым трэба, незалежны прафсаюз.

 

Як не стала незалежнага прафсаюза

У 1999 годзе незалежны прафсаюз павінен быў прайсці перарэгістрацыю, спатрэбіўся юрыдычны адрас. Даць яго мог гендырэктар — але не стаў.

История профсоюзного лидера 90-х: “Защищать людей, которые тебе поверили”
"Народная воля" расказвае пра затрыманні сябраў незалежнага прафсаюза на МАЗе

— Даходзіла да пагроз: мы забяром у вас памяшканне, выселім. Так і выйшла: аднойчы ў памяшканне, калі не было старшыні, зайшлі прадстаўнікі службы бяспекі завода разам з участковым міліцыянерам. Пачалі складаць у скрыню ўсе дакументы, усю маёмасць, а нам сказалі: вы вольныя, больш сюды не прыходзьце.

Прафсаюз арганізаваў на заводзе сход. Выставілі ўльтыматум: дзеянні адміністрацыі незаконныя, будзьце ласкавыя да вечара даць тлумачэнні, даць нам адказ. А калі актывісты прыехалі ўвечары на завод, іх затрымалі. Самому Марынічу пашкодзілі руку, павезлі накладваць гіпс, а астатніх павезлі ў суд.

— Прафсаюз мае поўнае права праводзіць сходы. Але яны палічылі, што гэта мітынг. Так быў ліквідаваны свабодны прафсаюз.

История профсоюзного лидера 90-х: “Защищать людей, которые тебе поверили”
Так на МАЗе быў ліквідаваны незалежны прафсаюз

У той год у незалежным прафсаюзе на МАЗе было прыкладна 10% супрацоўнікаў — гэта значыць каля дзвюх тысяч чалавек. На тых яго сябраў, якія працягвалі працаваць на заводзе, пачалі ціснуць.

— Выклікалі па адным да начальніка цэха, казалі: пішы заяву аб выхадзе з прафсаюза, інакш мы табе не працягнем кантракт. Запалохвалі і паступова такім спосабам людзей там разагналі, — успамінае Марыніч.

Міхаіл Мітрафанавіч спрабаваў арганізоўваць сходы за межамі завода, але хутка вырашыў, што сэнсу ў гэтым няма: прафсаюз павінен працаваць на прадпрыемстве. Знішчэнне прафсаюза на МАЗе асаблівай вядомасці не атрымала, толькі "Народная воля" пісала пра гэта на першых палосах.

 

Пасля прафсаюза

— Пасля таго як нас разагналі ў 1999 годзе, трэба было ўладкоўвацца працаваць. Калі я быў старшынёй, я не лічыўся ў штаце завода, я быў у штаце прафсаюза. І па законе па заканчэнні паўнамоцтваў у прафсаюзе табе павінны даць работу па спецыяльнасці. Але нам сказалі: свабодны прафсаюз незаконны, нікога назад мы не возьмем. Суд усё ж абавязаў адміністрацыю даць мне працу. А калі я прыйшоў у аддзел кадраў, вакантнай пасады раптам не аказалася. Учора былі, сёння — няма.

История профсоюзного лидера 90-х: “Защищать людей, которые тебе поверили”
Міхаіл Марыніч / Еўрарадыё

Першы час Міхаіл Мітрафанавіч прапрацаваў на "МАЗ-Купава", дзе вырабляліся прычэпы і кузавы, а з 2004 года — на МЭТЗ. Пасля жнівеньскіх падзей 2020 года на МЭТЗ вырашылі стварыць пярвічку Свабоднага прафсаюза металістаў.

А 2 лістапада стропальшчыка Міхаіла Мітрафанавіча Марыніча з саракагадовым стажам працы, абранага намеснікам старшыні заводскай арганізацыі, звольнілі. Звальненне дзіўным чынам супала са зваротам да кіраўніцтва завода з просьбай даць юрадрас для прафсаюза.

— Як толькі мы пра гэта заявілі, нас пачалі звальняць пад выглядам удзелу ў забастоўцы, якая была прызначаная на 26 кастрычніка. Пры тым што галаўное прадпрыемства да яе не мела ніякага дачынення, а ў філіяле ў Калядзічах супрацоўнікі запатрабавалі павелічэння расцэнак на асобныя віды прадукцыі.

Праз дзве гадзіны пасля таго, як Марыніч звярнуўся да дырэктара з просьбай даць юрадрас, яго адправілі дадому: раптам аказалася, што работнік можа быць "кантактам першага ўзроўню". Тэст на COVID паказаў адмоўны вынік, Марыніч павінен быў вярнуцца на працу, але яму патэлефанаваў намеснік начальніка цэха — кажа, мы перавялі цябе на "дзве трэція", пасядзі дома да наступнага панядзелка.

І калі 2 лістапада Марыніч прыйшоў на завод, яго пропуск ужо быў заблакаваны.

— Выходзіць намеснік начальніка аховы і кажа: вам трэба ісці ў аддзел кадраў. Адказваю: я там не працую. А потым высветліў, што ўвесь актыў — усіх звольнілі.

Марыніч пайшоў у суд. Там сведкам выступаў начальнік цэха. Калі ў яго спыталі, ці заклікаў Міхаіл Мітрафанавіч да забастоўкі, той адказаў: так, заклікаў. Толькі сам начальнік гэтых заклікаў не чуў. А хто чуў? На гэтае пытанне начальнік цэха адказваць адмовіўся: "Я не скажу".

Суд прыйшоў да высновы, што Марыніч забастоўкай кіраваў праз інтэрнэт.

У тое, што незалежны прафсаюз можа працаваць за межамі прадпрыемства, Марыніч не верыць. Прафсаюз павінен удзельнічаць у складанні калектыўнай дамовы, павінен быць часткай прадпрыемства. А правы супрацоўнікаў не павінны ўшчамляцца па прыкмеце прыналежнасці да "няправільнага" прафсаюза.

На справе ж ушчамляюцца нават правы рабочых, якія не знаходзяцца ў афіцыйным прафсаюзе, на "агароднінныя" грошы — выплаты, якія атрымліваюць толькі сябры афіцыйнага прафсаюза, і падарункі да Новага года.

— Усе гэтыя плюшкі — падарункі да Новага года, матдапамога да адпачынку, нават падарункі да 8 Сакавіка — усё гэта фінансуецца за кошт прыбытку прадпрыемства. Якое дачыненне прафсаюз мае да гэтых грошай? Дыскрымінацыя. Калі суд разглядаў гэта пытанне, мы спасылаліся на артыкул 14 Працоўнага кодэкса — недапушчальнасць дыскрымінацыі ў сферы працоўных адносін. А нашы апаненты — на артыкул пра тое, што дзеянне калектыўнай дамовы распаўсюджваецца толькі на сябраў прафсаюза "Белпрафмаш". Мы звяртаемся з просьбай распаўсюдзіць дзеянне дамовы і на сябраў незалежнага прафсаюза, але яны гэтага не хочуць. Але ёсць на заводах людзі, якім не патрэбныя гэтыя плюшкі, яны выбіраюць здавольвацца сваім заробкам, а не трываць гэтыя знявагі дзеля падачак.

Агульны стаж працы ў Міхаіла Марыніча — 42,5 года. Кажа, яшчэ мог бы папрацаваць, але не чакае, што хтосьці цяпер прапануе яму месца на дзяржпрадпрыемстве. І раз заводу спецыяліст стаўся непатрэбны, ён знайшоў сабе іншы занятак. На лецішчы для Міхаіла Мітрафанавіча назапасілася дастаткова працы.

Але нават з-за межаў завода Марыніч працягвае дапамагаць рабочым адстойваць свае правы. А ў канцы інтэрв'ю дае прафсаюзным лідарам самую лаканічную параду:

— Калі ты прафсаюзны лідар, ты павінен разумець: за табой тысячы людзей, ты за іх адказваеш. І ты павінен абараняць людзей. Гэта вялікая адказнасць і высокі гонар — абараняць людзей.

История профсоюзного лидера 90-х: “Защищать людей, которые тебе поверили”
Цэны, з якімі беларусы сустрэлі красавік 1991-га

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі