Глеб Лабадзенка збірае грошы на помнік Тадэвушу Касцюшку ў Беларусі
На сайце talaka.org абвешчаны збор грошай на помнік Тадэвушу Касцюшку ў Беларусі. Ініцыятарам праекта выступіў журналіст і грамадскі дзеяч Глеб Лабадзенка.
Нагодай для ініцыятывы стаў скандал з помнікам Касцюшку ў швейарскім Залатурне. Як паведамлялася раней, з помніка, усталяванага на грошы беларусаў, з ініцыятывы палякаў прыбралі беларускамоўны надпіс і згадку пра Беларусь — з нямецкамоўнага.
"Калі Касцюшка — выдатны сын Беларусі, то дзе гэта відаць? Дзе хоць адзін помнік выдатнаму сыну? Сапраўды, ёсць толькі бюст Касцюшку на тэрыторыі амерыканскай амбасады ў Менску і бюст у вёсцы Малыя Сяхновічы, дзе была сядзіба Касцюшкаў.
Не трэба шукаць вінаватых. Трэба браць і рабіць. І зараз ёсць абсалютна рэальная магчымасць паказаць найперш самім сабе, што мы нацыя, якая шануе сваіх герояў. У Мерачоўшчыне (Берасцейская вобласць), дзе нарадзіўся Касцюшка, дзейнічае ягоны музей. Кіраўніцтва музея з вялікім энтузіязмам успрыняла ідэю паставіць побач помнік нашаму слаўнаму земляку. Арганізацыйныя пытанні яны бяруць на сябе", — напісаў Лабадзенка ў сацсетках.
На помніку ў Мерачоўшчыне ён прапановаў зрабіць надпіс, супраць якога выступіла польская амбасада ў Швейцарыі: “Выбітнаму сыну Беларусі ад удзячных суайчыннікаў”.
На помнік плануецца сабраць 11 тысяч рублёў. На 19.30 12 кастрычніка сабрана 675 рублёў.