Глобус: У нашы бардэлі трэба будзе прывозіць дзяўчат з Тайланду
Пісьменнік і мастак Адам Глобус тлумачыць, чаму Беларусь не вельмі прывабная краіна для прыхільнікаў сэкс-турызму.
У інтэрв'ю тэлеканалу "РТР-Беларусь" намміністра спорту і турызму Чэслаў Шульга заявіў, што нашай краіне не варта саромецца таго, што Беларусь прыцягвае сэкс-турыстаў з заходніх краінаў.
Чэслаў Шульга: "Тут няма за што выбачацца. Гэта тое, што запатрабавана, напрыклад, у Даніі. Яны знайшлі козыр. Мы цяпер гэтага не культывуем, не кажам, каб да нас прыязджалі па сэкс-паслугі. Але калі кагосьці цікавіць — хай едзе, шукае, знаёміцца, бярэ шлюб".
Пісьменнік і падарожнік Адам Глобус распавёў Еўрарадыё, што падтрымлівае намесніка міністра спорту ў тым, што не трэба саромецца сэкс-турызму.
Еўрарадыё: Ці Беларусь прывабная для сэкс-турызму?
Адам Глобус: На сённяшні дзень — не. У нас усё пакуль вельмі аматарскае. Яно цёмнае, паўлегальнае, падпольнае, і паслугі, якія прапануюць нашы дзяўчаты, вельмі сярэдняга ўзроўню, калі параўноўваць з Амстэрдамам ці з Тайландам.
Еўрарадыё: Ці вялікі адсотак замежнікаў карыстаецца такім відам турызму?
Адам Глобус: Я ведаю, куды сябра звадзіць паесці, выпіць, пагуляць, пакатацца на лодачцы на азёрах ці па Свіслачы — гэта ў нас усё добра. А куды да дзевак ці да хлопчыкаў — я не ведаю. Мой асабісты досвед паказвае, што няма сярод гэтых дзяўчат прафесіяналак, што ім трэба вучыцца, вучыцца і вучыцца. Калі мы будзем хутка адкрываць бардэлі — трэба дзяўчат прывозіць з Тайланду.
Еўрарадыё: А ці успрымаюць нашу краіну так жа, як Расію ці Украіну? Кшталту, што вось, украінскія ці расійскія дзяўчаты — значыць, прастытуткі.
Адам Глобус: Не, у нас усё ж інакш. Мы і антрапалагічна іншыя: у нас светлыя дзяўчаткі, прывабныя. Калі б іх падвучыць, мы змаглі б у перспектыве стварыць і музей эротыкі, дзе, спадзяюся, будуць выстаўлены мае вясёлыя малюнкі, і побач з гэтым музеем адкрыць вуліцу з чырвонымі ліхтарамі.
Еўрарадыё: А ці трэба нам адкрываць такую вуліцу?
Адам Глобус: Трэба, адназначна. Таму што цяпер у нас усё гэта нелегальна, гадка, брудна, крымінальна… А можна гэта ўсё легалізаваць, і спадар Чэслаў Шульга тут мае рацыю — вельмі разумны чалавек.