Год таму ў гомельскай бальніцы памёр збіты сілавікамі Аляксандр Віхор

Аляксандр Віхор / Svaboda.org
Аляксандр Віхор / Svaboda.org

Год таму, у ноч на 12 жніўня, у рэанімацыі гомельскай бальніцы памёр 25-гадовы Аляксандр Віхор. У клініку яго прывезлі з ІЧУ.

Хлопец быў моцна збіты.  Пра тое, што адбывалася з Віхорам у міліцыі, праваабаронцам расказваў гамяльчук Радзівон Бягляк. Іх разам з Віхорам этапавалі ў гомельскі СІЗА. А перад гэтым ён бачыў Аляксандра ў спартзале Чыгуначнага РУУС. Сілавікі паклалі ўсіх затрыманых на падлогу тварам у падлогу і змусілі так ляжаць некалькі гадзін.

"У яго ад гэтага стрэсу пачаўся нервовы зрыў, ён не зусім сябе адэкватна паводзіў, іх не слухаўся. І калі ён павярнуўся і пачаў нешта там... да яго падляцеў і пачалі яго біць так, што гэта была проста жэсць... Па-мойму, былі два чалавекі з дубінкамі, якія збівалі яго з усёй сілы", — расказваў Бягляк.

Год назад в гомельской больнице умер избитый силовиками Александр Вихор
Затрыманне Аляксандра Віхора трапіла ў аб'ектыў фатографа TUT.BY

Падчас этапу Віхора стала дрэнна. Па прыбыцці ў ІЧУ Аляксандра пакінулі ў машыне.

"Нас усіх разгрузілі, а Сашу Віхора пакінулі і сказалі ахове, што гэта тыпу "ваш кліент" — у такім сэнсе, што гэтага наркамана трэба тыпу збіць, "правучыць" яго. Яны думалі, што ў яго "адхадняк" ад наркотыкаў", — успамінае Бягляк. Гэта быў апошні раз, калі ён бачыў Віхора.

Праз некалькі гадзін хлопца прывезлі ў псіхіятрычную бальніцу практычна ў коме, аднавілі ход падзей праваабаронцы. Супрацоўнікі хуткай дапамогі, якія прыехалі на выклік, напісалі: "Пацыент ляжаў на падлозе, скаргаў не выказваў, быў у коме". Адтуль яго перавезлі ў найбліжэйшую рэанімацыю, якая была ў сухотнай бальніцы. Там у Віхора дыягнаставалі "закрытую чэрапна-мазгавую траўму пад пытаннем" і "кому трэцяй ступені".

Паводле афіцыйнай версіі, Аляксандр Вихор памёр ад "раптоўнага абвастрэння захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы".

Рэгіянальнае ўпраўленне СК праводзіла праверку па факце смерці хлопца, але ў выніку адмовіла ў распачынанні крымінальнай справы.  

"У распачынанні крымінальнай справы па факце смерці гараджаніна адмоўлена за адсутнасцю ў чыіх-небудзь дзеяннях складу злачынства",заявіў у лютым начальнік упраўлення СК Беларусі па Гомельскай вобласці Сяргей Удавікоў.

Пры гэтым Удавікоў прызнаў, што сілу да Віхора ўжывалі, але, па яго словах, "на законных падставах". У РУУС і ў ІЧУ "скаргаў на стан здароўя не прад'яўляў".

У Беларусі дагэтуль не распачата ніводнай крымінальнай справы па фактах смерці дэманстрантаў, а таксама дзеянняў сілавікоў падчас разгону пратэсных акцый пасля выбараў прэзідэнта.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі