Маладафронтаўцаў адправілі за краты на 10 і 20 сутак (відэа)
Суды прайшлі ў аўторак у Мінску і Гомелі. Актывістаў ізалявалі на час правядзення хакейнага чэмпіянату свету, мяркуюць іх сябры.
Суд Чыгуначнага раёна Гомеля ў аўторак прызнаў сустаршыню міжнароднай грамадскай арганізацыі "Малады фронт" Андрэя Цянюту вінаватым у "дробным хуліганстве" і "непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі". Па першым артыкуле Цянюта атрымаў трое сутак, па другім — сем сутак адміністрацыйнага арышту, агулам — 10.
Як паведамляе БелаПАН, на працэсе сведкамі выступалі трое міліцыянераў. Яны сцвярджалі, што падчас патрулявання чулі, як маладафронтавец гучна лаяўся на вуліцы. Сам Андрэй Цянюта сказаў, што вяртаўся дахаты, не лаяўся. Ён падкрэсліў, што размаўляе на беларускай мове, а ў ёй няма матаў.
Маладафронтавец заявіў, што звязвае сваё (як і іншых актывістаў) затрыманне і арышт з адкрыццём у Мінску ў пятніцу хакейнага чэмпіянату свету.
Фрунзенскi раённы суд сёння адправіў за краты на 20 сутак маладафронтаўца Мiколу Дземiдзенку. Як паведамляе Радыё Свабода, міліцыянеры Крук і Зянько сведчылі на судзе, што Дземідзенка спраўляў натуральную патрэбу ў грамадскім месцы і на заўвагі міліцыі не рэагаваў. Яшчэ адзін маладафронтавец Мiхась Мускі таксама атрымаў 20 сутак адміністрацыйнага арышту.
Змiтра Крамянецкага судзілі ў судзе Ленiнcкага раёна сталіцы. Яго аштрафавалі на 2 млн 250 тысяч рублёў за "дробнае хуліганства". Крамянецкі распавёў, што ў панядзелак, калі ён вяртаўся з працы, на вуліцы Маякоўскага ў Мінску да яго падышлі супрацоўнікі спецназу міліцыі і паклалі тварам на зямлю.
Фота — Fotolia