Гомельскія першакласнікі не знайшлі ў класе дошку, маці паднялі скандал
Першакласнікі гомельскай школы №25, якія прыйшлі 13 снежня на ўрокі, не пабачылі класнай дошкі. Высветлілася, што яе знялі паводле загаду дырэктаркі.
Адна з маці першаклашак вывесіла ў Instagram відэа, на якім спрабуе даведацца, куды падзелася класная дошка з кабінета. Яна пытаецца, як настаўніца будзе весці ў дзяцей урок матэматыкі. У адказ чуе, што дошку забрала дырэктарка школы і часова занесла ў іншую школу.
Дырэктарка школы Ніна Клязовіч у гутарцы з Еўрарадыё выклала сваю версію падзеяў:
"Я ўбачыла, што край дошкі адышоў. Я ў дзве гадзіны (12 снежня. — Еўрарадыё) выклікала работнікаў па комплексным абслугоўванні будынка. Яны гэтую дошку знялі. Сёння (13 снежня. — Еўрарадыё) у 9:30 дошка была павешаная на тое ж месца, але былі зробленыя ўмацаванні, каб дошка добра прылягала. У 7:40 маці прыйшла, убачыла, што дошкі няма, зняла відэа і выклала ў інтэрнэт. Усё! Я з маці спрабавала размаўляць, да мяне яны не прыходзілі, не размаўлялі. Усё, што я магу пракаментаваць".
Маці першаклашкі на відэа паведамляе, што дырэктарка прапаноўвала бацькам заплаціць за новую дошку ў класе. А калі грошы з бацькоў сабраць не змаглі, маўляў, забрала дошку.
Тут у Ніны Клязовіч таксама зусім іншая версія, чым у аўтаркі відэа.
Еўрарадыё: Бацькам прапаноўвалі скінуцца на новую дошку?
Ніна Клязовіч: Да мяне ніхто з бацькоў не падыходзіў, я не размаўляла ні з кім. Паўстала такое пытанне... Значыць да 19 снежня будзе вісець іншая дошка. Гэта іх (бацькоў. — Еўрарадыё) не задавальняе. Значыць, мы набудзем і павесім іншую дошку.
Еўрарадыё: Калі бацькам не падабаецца, няхай купляюць самі?
Ніна Клязовіч: Я ім такога не казала. Дошка будзе куплена за пазабюджэтныя сродкі школы. Скажыце, я не разумею... На пустым месцы падняць вось гэтую бучу! Гэта нонсэнс, людзі! Куды мы коцімся? Я вам усім тлумачу, я 35 год адпрацавала ў школе, 17 год дырэктарам. Такога ніколі не было!
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.