Грэф паабяцаў Лукашэнку паставіць у Мінску святломузычны адукацыйны фантан
Святломузычны адукацыйны фантан павінен з'явіцца ў Мінску да наступнага Дня незалежнасці. Гэта паабяцаў кіраўнік "Ашчадбанка Расіі" Герман Грэф на сённяшняй сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, піша "СБ. Беларусь сегодня".
Па словах расійскага банкіра, ва ўзначаленай ім установе прыдумалі новую тэхналогію спалучэння святла, гуку, вады і карцін з адукацыйнай функцыяй. "У свеце з'явіўся такі трэнд, як еdutainment, калі адукацыя (education) спалучаецца з entertainment (забавай). Мы зрабілі некалькі такіх фантанаў і маем вельмі цікавы досвед. Вельмі вялікая цікавасць з боку жыхароў тых гарадоў. Аляксандр Рыгоравіч даведаўся, папрасіў нас стварыць такі фантан у Мінску. Мы сёння з ім дамовіліся, што будзе выпушчаны ўказ, і мы кінем усе сілы, каб рэалізаваць гэты праект да Дня Незалежнасці ў Беларусі ў наступным годзе. Я яму гэта паабяцаў", — патлумачыў Грэф.
Такія святломузычныя фантаны маюць сістэму відэа-лазернай праекцыі. На вялікіх водных экранах можна паказваць любую карцінку, што дае магчымасць выкарыстоўваць фантаны для адукацыйных мэтаў. Такія фантаны ўжо існуюць у некалькіх расійскіх гарадах — Саратаве, Петэргофе, Яраслаўлі, Калінінградзе, Уладзіміры, Разані ды Варонежы.
Па словах Грэфа, месца для будаўніцтва фантана ў беларускай сталіцы ўжо вызначанае. Аднак назваць яго банкір не змог, заявіўшы, што не ведае горад.
Нагадаем, што акурат цяпер у Мінску праходзіць карпарацыйны спартовы турнір "Ашчадбанкіяда".