"Грэміносную" песню Imagine Dragons пераспявалі па-беларуску

"Грэміносную" песню Imagine Dragons пераспявалі па-беларуску

У сеціве з'явілася live-відэа, у якім беларускі гурт Navi спявае па-беларуску хіт "Radioactive" амерыканскіай каманды Imagine Dragons. Зрабіць кавер на песню Imagine Dragons Navi прапанавалі арганізатары канцэрту амерыканцаў у Мінску: яны выступяць на "Чыжоўка-Арэне" 22 студзеня. Для гэтага быў аб'яўлены конкурс на лепшы беларускамоўны пераклад кампазіцыі, якая ў 2014 годзе прынесла амерыканцам "Грэмі" у намінацыі "Лепшае рок-выкананне". 

 

Асноўную частку тэкста на беларускай мове стварыла мінская адзінаццацікласніца Алена Койстра. Яе пераклад быў лепшым са 130 прапанаваных. У сваю чаргу, Navi дарабілі тэкст і стварылі свой варыянт, у якім і сябе паказалі, і амерыканцаў "не сапсавалі".

"Я ведаю некалькі песень Imagine Dragons, і калі паступіла прапанова зрабіць кавер на адну з іх песень, мы прыкінулі, што менавіта на "Radioactive" добра ляжа беларуская мова, — распавядае ўдзельнік гурта Арцём Лук'яненка. — У выніку цікава атрымалася і мы вельмі задаволеныя. Бо гэта было зроблена "не ад балды", а мы рэальна стараліся перарабіць па-свойму і пры гэтым "пакінуць" песню. Нам падаецца, што песня не сапсавалася, але загучала па-іншаму, у нашым стылі".

Imagine Dragons выступяць у Мінску ў межах сусветнага туру "Smoke + Mirrors".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі