Гродзенскі "Зелянбуд" не будзе рабіць жывы надпіс на схіле Нёмана

Гродзенскі "Зелянбуд" не будзе рабіць жывы надпіс на схіле Нёмана

Супрацоўнікі "Зелянбуда" ў Гродне адмовіліся ад ідэі высадзіць кустамі надпіс "Ленінскі раён" на пагорку Бернардынскага касцёла. Пра гэта піша Hrodna.life.

Для ўмацавання схілу, на якім стаіць касцёл, высадзяць толькі казацкі ядловец.

Гродзенская рымска-каталіцкая дыяцэзія ў сваім каментары адзначыла, што ўзгорак касцёлу не належыць, таму на сітуацыю касцёльныя ўлады ўплываць не могуць. З самім касцёлам рашэнне пра стварэнне "жывога" надпісу не ўзгаднялася. 

"Мяркуем, што дадзеная ініцыятыва псуе знешні выгляд гістарычнага цэнтра горада. Надпіс таксама будзе адцягваць увагу не толькі мясцовых жыхароў, але і шматлікіх турыстаў ад знакавага месца, якім з’яўляецца найстарэйшая святыня горада — касцёл Адшукання Святога Крыжа", — заяўляюць у дыяцэзіі. 

Як распавядала Еўрарадыё, 15 красавіка супрацоўнікі "Зелянбуда" пачалі высаджваць кусты на ўзгорку, каб стварыць з іх надпіс "Ленінскі раён". На працілеглым беразе Нёмана запланавана высадзіць кусты ў форме надпісу "Кастрычніцкі раён". 16 красавіка гродзенцы стварылі петыцыю супраць гэтых надпісаў. Менш чым за суткі свае подпісы пад ёй пакінулі больш за 800 чалавек.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі