Грузінскія дэпутаты абвясцілі ў парламенце галадоўку ў падтрымку Саакашвілі
Парламент Грузіі / RFE/RL
Чатыры дэпутаты грузінскага парламента абвясцілі галадоўку. Яны патрабуюць перавесці экс-прэзідэнта Міхаіла Саакашвілі на лячэнне за мяжу, піша kavkaz-uzel.eu.
9 снежня Тбіліскі гарадскі суд мусіў вырашыць, адтэрмінаваць выкананне прысуду Саакашвілі ці вызваліць яго. Але пасяджэнне перанеслі на 14 снежня па хадайніцтве абароны, каб падсудны мог падрыхтавацца да дыстанцыйнага ўдзелу. Потым суд перанеслі яшчэ раз — на 22 снежня, бо пенітэнцыярная служба не змагла забяспечыць удзел Саакашвілі ў пасяджэнні ў анлайн-рэжыме.
Пасля гэтага экс-прэздэнт Грузіі абвясціў галадоўку. Аднак праз некалькі гадзін спыніў акцыю, сказаўшы, што робіць гэта па просьбе дэпутатаў Еўрапарламента.
Грузінскія ўлады апублікавалі ў інтэрнэце відэа з камер назірання ў палаце Саакашвілі.
15 снежня тры дэпутаты ад "Адзінага нацыянальнага руху" абвясцілі галадоўку ў парламенце. Яны патрабуюць адпусціць Саакашвілі на лячэнне. 16 снежня да іх далучыўся чацвёрты галадоўнік.
Спікер парламента Шалва Папуашвілі наведаў удзельнікаў акцыі і заклікаў спыніць галадоўку, але дэпутаты адмовіліся.
Саакашвілі асуджаны на шэсць гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў арганізацыі збіцця спецназам МУС апазіцыйнага дэпутата і бізнесоўца Валерыя Гелашвілі ў 2005 годзе. Сам экс-прэзідэнт Грузіі называе справу сфабрыкаванай і катэгарычна адмаўляе сваё дачыненне да збіцця апазіцыянера.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.