The Guardian: Патрушаў прабачыўся за спробу перавароту ў Чарнагорыі
Падчас візіту ў Бялград сакратар Савета бяспекі Расіі Мікалай Патрушаў папрасіў прабачэння за расійскіх арганізатараў перавароту ў Чарнагорыі. Пра гэта піша брытанская газета The Guardian са спасылкай на неназваныя крыніцы, блізкія да сербскага ўраду.
Па словах Патрушава, якія перадае выданне, змоўшчыкі не мелі санкцыі Крамля і дзейнічалі самастойна. Дарэчы, пасля візіту кіраўніка Савета бяспекі расіян дэпартавалі з Сербіі.
Як інфармавалі сербскія СМІ, пры затрыманні ў расіян знайшлі 120 тысяч еўра, уніформу спецназа і спецыяльнае абсталяванне, каб сачыць за прэм'ерам Чарнагорыі Міла Джуканавічам. Раней чарнагорская пракуратура заявіла, што змоўшчыкі планавалі замах на Джуканавіча.
Раней сербскія ўлады афіцыйна абверглі дэпартацыю расіян, якіх затрымалі па абвінавачанні ў падрыхтоўцы перавароту ў Чарнагорыі, нагадвае meduza.io.
Па версіі следства, расійскія нацыяналісты сабралі ў Сербіі групу баевікоў. Яны планавалі захапіць уладу ў Чарнагорыі пасля парламенцкіх выбараў 16 кастрычніка. Змоўшчыкі хацелі, каб партыя Джуканавіча, якая перамагла на парламенцкіх выбарах, не змагла завяршыць ўступленне краіны ў NATO.