Хакеісты зборнай Беларусі прайгралі ЗША — 3:6

Хакеісты зборнай Беларусі прайгралі ЗША — 3:6

7 траўня хакеісты зборнай Беларусі прайгралі ЗША — 3:6 (0:2, 2:3, 1:1). Гэта другое запар разгромнае паражэнне каманды Дэйва Льюіса на сусветным першынстве ў Расіі (у першым матчы было паражэнне ад зборнай Фінляндыі — 2:6). Амерыканскія хакеісты перамаглі ўпэўнена. Беларусы паказвалі выдатную гульню толькі асобнымі адрэзкамі, як у трэцім перыядзе, калі скарацілі разрыў да дзвюх шайбаў і мелі моманты, каб забіць яшчэ. Але ўсе гэтыя намаганні перакрэслівалі выдаленні і памылкі абароны. Як не ўспомніць выдаленне ў пачатку другога перыяда абаронцы Іллі Шынкевіча да канца гульні за ўдар саперніка галавой.

Адзначым, што шайбы ў нашай зборнай закінулі Джэф Плат, Андрэй Стась (у яго ўжо другая шайба на чэмпіянаце) і Дзмітрый Корабаў. І крыху статыстыкі. Па кідках беларусы прайгралі — 23:33 (толькі ў трэцім перыядзе ўдалося перакідаць амерыканцаў — 12:9), штрафнога часу ў нашай зборнай 41 хвіліна, у амерыканцаў — 18.

9 траўня зборная Беларусі згуляе з Канадай, пачатак у 16.15.

Нагадаем вынікі астатніх сённяшніх матчаў: Славакія — Венгрыя — 4:1, Нарвегія — Данія — 0:3, Швейцарыя — Казахстан — 2:3 (па булітах), Францыя — Нямеччына — 3:2 (па булітах), Латвія — Чэхія — 3:4 (па булітах).

У групе В толькі беларусы і венгры яшчэ не маюць ачкоў і займаюць апошнія месцы. Верагодна і ў матчы з канадцамі беларусы ачкоў не набяруць. Усе надзеі звернутыя на наступныя паядынкі — са славакамі, немцамі, венграмі і французамі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі