Хамства, прастытуткі і бруд: гісторыі ад гасцей мінскіх гатэляў
Рэзкай крытыкі няма толькі ў адрас нешматлікіх хостэлаў, але яны падаюцца замежнікам дарагімі.
Пабудаваць да Чэмпіянату свету па хакеі ўсе запланаваныя новыя гатэлі Мінск не паспявае — давядзецца задаволіцца старымі. На сайце booking.com мноства водгукаў пра іх. Збольшага стандартныя — “прыехалі, засяліліся, выехалі, усё было нармальна”. Але трапляюцца і цікавейшыя.
“Краўн плаза”, 5 зорачак, сярэдняя ацэнка на booking.com 7.8
Дзмітрый з Масквы жыў тут з дзецьмі, быў уражаны.
“Недапалак ля ліфта ляжаў два дні. У гатэлі знаходзіцца казіно. Пракураны хол, дамы несур'ёзных паводзінаў на канапах. Уначы ў калідорах крыкі і п'яны чад… Жэсць, карацей”.
“Прэзідэнт-гатэль”, 5 зорачак, сярэдняя ацэнка 8.7
Іна з Калінінграда сутыкнулася тут з невялікай катастрофай, спачатку ў яе нумары не працавала бідэ, а потым задыміўся фен. Абышлося без ахвяраў.
“У першы ж вечар заезду не працавала бідэ, у якім лілася жоўтага колеру тэхнічная вада, не працаваў зліўны механізм. Падушкі настолькі набітыя, што галаву даводзілася ноччу пастаянна перакладаць ў пошуках больш-менш зручнага стану. Шмат у якіх гатэлях прапануюць падушкі больш і менш плоскія, тут жа ніякага выбару... На наступны дзень раніцай задыміў фен пры першым жа ўключэнні”.
Пары турыстаў з Бельгіі пашанцавала ў “Прэзідэнт-гатэлі” больш, і ён ім нават спадабаўся. Нягледзячы на тое, што бялізну бедным еўрапейцам так і не памянялі.
“Выдатны стылізаваны інтэр'ер. Рэальна ўяўляеш сябе ў прэзідэнцкім люксе… Бялізну не памянялі нават пры відавочных забруджваннях”.
“Юбілейны”, 3 зоркі, сярэдняя ацэнка 7.4
Тут адпачываў масквіч Дзмітрый з жонкай і малымі дзецьмі. Быў вельмі раззлаваны.
“Жудасны хамскі пракураны савок. Нягледзячы на тое, што мы былі з 3 дзецьмі і па сваёй прыродзе мы вельмі станоўчыя, нам хамілі ўсе: ад рэсэпшэна і рэстарана, да пакаёўкі на 6 паверсе. Увесь персанал быў "забіты горам", ніхто не ўсміхаўся (нават нашай малой), не вітаў, апускаў вочы пры сустрэчы... Як шкада іх усіх — сумная карціна. Банкаўскія карты не прымалі, узялі расійскія рублі па спекулятыўным курсе”.
“Планета”, 3 зоркі, сярэдняя ацэнка 7.1
Маладая пара з Расіі вельмі сумавала тут без інтэрнэта і прыборкі нумара.
“Нумар быў прыбраны толькі ў дзень ад'езду (не зразумела навошта), у нумары Люкс адсутнічалі неабходныя рэчы (тапкі, туалетныя прыналежнасці ў двухмесным нумары былі ў адзінкавым экзэмпляры). Адсутнічала падлучэнне WiFi. Пры звароце да персаналу гасцініцы сказалі, што пытанне будзе вырашанае, але гэтага так і не адбылося”.
“Вікторыя”, 4 зоркі, сярэдняя ацэнка 7.9
У студзені 2014 года тут адпачываў расіянін Генадзь Фралоў і цяпер ён нават пагражае беларускаму гатэлю санкцыямі.
“Дублюю тут свой БЕЗАДКАЗНЫ зварот у адрас гатэля! Паважаныя спадары гатэльеры!!! Звяртаю Вашу ўвагу на наступныя факты: 1. Затрымка сняданку на 15 хв, (замова на 6.00) выкананне 6.15 (не буду пісаць, што мне давялося прыхапкам яго заглынаць, таксі, графік, самалёт... усё гэта Вас не вельмі, мабыць, цікавіць)… З'язджаючы, я аплаціў па карце 3 бутэлькі мінералкі з мінібараў на суму 92350 руб., аднак сёння з маёй карты была спісаная яшчэ дакладна такая ж сума!!!! Гэта значыць, мне было дасланае наступнае паведамленне: “вы не расплаціліся, не вельмі паважаны пастаялец, і мы вымушана знялі з карты неабходную суму”… Я чакаю Вашых каментарыяў, у адваротным выпадку, як пастаянны кліент букінга — я ведаю, што сказаць і дзе... Генадзь Фралоў, жыў 15-16 студзеня ў нумары № 422”.
А вось хостэлам шанцуе больш, негатыву ў іх адрас былыя жыхары амаль не пакідаюць. Наракаюць толькі, што дорага — у суседняй Варшаве за гэтыя ж грошы можна пераначаваць у двухпакаёвым нумары са сняданкам.
Хостэл “Маркс”, 0 зорак, сярэдняя ацэнка 8.5
Яраслаў, Украіна
“Хостэл размешчаны ў вельмі зручным і маляўнічым месцы. У пакоях чыста і ўтульна. Ёсць усе выгоды для камфортнага пражывання (сучасная кухня з мікрахвалевай печчу, халадзільнікам і газавай плітой, ванны пакой з фенам (!!!), шампунем (!!!) і ватнымі тампонамі (!!!). Мэнэджар вельмі ветлівы і можа даць рэкамендацыі па Мінску. Пры поўнай загрузцы магчымыя "заторы" на кухні і ў ванным пакоі”.
Дмітрый з Люберац
“Ну, хостэл ён і ёсць хостэл, для хостэла нармальна. Чыста, акуратна, але гэта ўсё перавагі. За тыя ж грошы днём раней у Варшаве меў двухпакаёвы нумар са сняданкам. Інтэрнэт добры”.
Фота absoluttur.orbiz.by