Харкаўскія актывісты павалілі помнікі камуністычным лідарам (відэа)

Актывісты ўкраінскага Харкава самастойна дэмантавалі помнікі дзяржаўным дзеячам савецкага рэжыму. У ноч на 11 сакавіка з пастаментаў паляцелі статуі Якава Свярдлова, Сярго Арджанікідзэ і мясцовага ўдзельніка грамадзянскай вайны Мікалая Руднева.

Помнікі зносілі з дапамогай тросу, прывязанага да аўтамабіля. Пазней у інтэрнэце з’явілася відэа акцыі. Міліцыя прысутнічала пры гэтым, але не ўмешвалася ў дзеянні мужчын у балаклавах.

“Грамада Харкаву прывяла ў дзеянне закон аб асуджэнні камуністычнага рэжыму. Цягам некалькіх гадзінаў актывісты дапамаглі “прызямліцца” адразу траім прадстаўнікам таталітарнага мінулага”, — гаворыцца ў суправаджальным подпісе да відэа зносу.

9 красавіка Вярхоўная Рада Украіны прыняла закон пра забарону на тэрыторыі краіны камуністычнага і нацыянал-сацыялістычнага рэжымаў і іх сімволікі. Паводле закону, за паўгода мясцовыя ўлады мусяць прыбраць помнікі дзеячам камуністычнага рэжыму і змяніць назвы населеных пунктаў і вуліц, а таксама прыбраць камуністычныя назвы і сімвалы ў вытворчасці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі