У Гомелі хлопец, які "загараў" абсалютна голы, асуджаны на 10 гадоў (фота)
Летам ён ляжаў на казырку пад'езда аднаго з дамоў.
Суд Чыгуначнага раёна Гомеля асудзіў на 10 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці 22-гадовага мужчыну. Мінулым летам удзень ён абсалютна голы ляжаў на казырку пад'езда аднаго з дамоў. Адтуль яго здымалі ратавальнікі і міліцыя.
Як піша "Гомельская праўда", перад тым, як агаліцца, малады мужчына ўжываў спайс. Наркотыкі міліцыянеры знайшлі ў яго кватэры. Жыхара Гомеля пакаралі за незаконнае набыццё і захоўванне наркотыкаў з мэтай збыту.
Мужчына распавёў, што ўсё пачалося са знаёмства з прыгожай дзяўчынай у сацсетках. Праз нейкі час яна папрасіла ў яго фінансавай дапамогі, бо бацькі, нібыта, выганялі яе з хаты. Каб падтрымаць дзяўчыну, ён кінуў навучанне ва ўніверсітэце і пайшоў працаваць, заробак адпраўляў сваёй каханай. Дарэчы, гэтыя яго словы пацвердзіліся. Калі ж грошай дзяўчына стала патрабаваць больш, мужчына звязаўся з гандлярамі наркотыкамі.
Фота: gp.by