"Хоха-бэнд" і "Джамбібум" сыгралі першыя канцэрты ў 2012 годзе

Так здарылася, што абодва гурты, якія сыгралі разам днямі ў Графіці, не выступалі ў 2012 годзе. У кожнага - свае прычыны. "Хоха бэнд" паціху піша свой дэбютны альбом. Паціху таму, што практычна ўсе музыкі занятыя ў іншых гуртах, больш запатрабаваных і актуальных.

Напрыклад, бубнач Зміцер Харытановіч грае ў Drum Ecstasy, B:N, Hasta la Fillsta, Pomidor/off

 

Косця Калеснікаў заняты ў The Silicon

 

Сяргей Канановіч - у Hasta la Fillsta, Pomidor/off, ды і Вайцюшкевічу не адмовіцца падыграць.

 

"Хоха бэнд" - праект у нейкім сэнсе, эксперыментальны. Тут вышэй узгаданыя музыкі маюць магчымасць адыйсці ад звыклых у року гармоній і філасофіі і акунуцца ў іншы свет - ціхі, удумлівы, сузіральны. Так мусіць быць. Апроч беларускіх народных песень, "Хоха" бярэ ў свой рэпертуар песні іншых краін. Прынамсі, на канцэрце прагучалі дзве ўкраінскія: "Тому коса добре косить" і цалкам новая "Коломыйка", якую разам з музыкамі выканалі гледачы, узяўшы ў рукі дробныя перкусійныя інструменты.

 

Музычная праблема "Хохі" - стылістычная хаатычнасць. Пошукі пэўнасці. Гранне без канцэпцыі. Адсюль - нерашучасць прапаноўваць сябе фестывалям і клубам. Адсюль - вялікі пытальнік у плане мэты і будучыні...

 

 

"Джамбібум" таксама перажывае цікавыя часы. Цяпер гэта не хор з 10 чалавек, а дуэт, які перарастае ў трыа. Прычына такая: Наста Хмель з'ехала жыць у Францыю, астатніх ўдзельнікаў гурта таксама раскідала ў розныя бакі. Але, кажа Наста, гурт шкада цалкам "хаваць": апошні тутэйшы год "Джамбімбума" стаў вырашальным у плане рэпертуару, людзей і поспеху. Таму лепшае выйсце - прыязджаць час ад часу ў Беларусь, клікаць незамянімага Грушу і граць старыя добрыя песні.

 

 

 У Францыі Наста адпачывае ад бурнай музычнай дзейнасці, пераглядае сваю музычную спадчыну і піша новыя апрацоўкі песень. Жыццё ў краіне шансону не магло не адбіцца на асобе музыкі. І таму гледачы канцэрту ў Графіці пачулі дзве цалкам новыя песні, якія паходзяць з Пружанскага раёну. Песні-трэш(пра турму, каханне, забойствы) у прыгожай, салодкай манеры. Беларускі этна-шансон.

 

 

Дуэт Насты з Грушам перарастаў у трыа з Андрэем Апановічам, вядомым па гуртах "Мамкины бусы", Triangle, CityZen. Зміцер - майстар чароўнай, медытатыўнай музыкі, якую ён стварае з дапамогай сучасных гукавых прыбамбасаў. З ім песні "Джамбібуму" рабіліся асабліва пяшчотнымі.

 

 

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі