Іх норавы: тэрмін за атэізм, чыпсы з гранаты і сумны Макрон
Цікавыя міжнародныя навіны за гэты тыдзень / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
У прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона могуць быць цяжкасці. Праўда, не такія, як у мужчыны, што атрымаў велізарны турэмны тэрмін за... атэізм.
Пра гэта і не толькі — у традыцыйным аглядзе міжнародных навін за тыдзень ад Еўрарадыё.
Аматар размоў пад пагрозай
Эмануэль Макрон стаў чалавекам-мемам праз сваю любоў пагаварыць па тэлефоне з усімі запар. А на фоне гэтага амаль усе за межамі Францыі крыху забыліся, што тэрмін жа ж яго заканчваецца, а на носе — новыя прэзідэнцкія выбары. То-бок літаральна на носе: першы тур пройдзе ўжо ў нядзелю, 10 красавіка.
З шанцамі ў Макрона ўсё не вельмі радасна: разрыў паміж ім і галоўнай саперніцай — правай папулісткай Марын Ле Пэн — скарачаецца. У першым туры ён можа набраць, паводле апошніх апытанняў, 27%, яна — 22%. У другім туры пакуль што суадносіны 53% да 47%, аднак усё можа змяніцца.
Як і ўласціва папулістам, Ле Пэн абяцае ўсё і адразу: ад абмежавання міграцыі да зніжэння падаткаў і пенсійнага ўзросту. Адказаў на пытанні пра тое, як тады будзе папаўняцца бюджэт Францыі, яна не дае. Але іх не задае і яе аўдыторыя.
Тое, што пры Макроне ВУП цяпер расце з рэкорднымі за 50 гадоў тэмпамі, не моцна ўплывае на рэйтынгі: яго вінавацяць у многіх грахах, ад каранавіруснай палітыкі і да міграцыйных крызісаў. Ці ўдасца яму перажыць гэты электаральны шторм, стане зразумела зусім хутка.
Турма за атэізм
Беларусы прывыклі да таго, калі людзей саджаюць літаральна ні за што, але Нігерыя ўмее здзіўляць. Мясцовы актывіст Мубарак Бала ў 2014-м быў адпраўлены сям'ёй у псіхіятрычную лякарню за тое, што назваў сябе атэістам. Але цяпер усё куды горш.
Увесну 2020-га яго затрымалі за "блюзнерства": каментар у фэйсбуку пра іслам, які ўлады палічылі абразлівым. Пад вартай мужчына быў амаль два гады. І вось цяпер яму вынеслі прысуд: 24 (!) гады турмы.
Перад рашэннем суда Бала прызнаў сваю віну, але ўсё не так проста: мясцовыя ўлады пагражалі яму, што прызнанне — адзіны спосаб засцерагчы сваю сям'ю ад пераследу.
Чыпсы з гранатай
У новазеландскім Оклендзе на завод па вытворчасці чыпсаў выклікалі сапёраў — і не, рэч не ў занадта вострай прадукцыі. Проста адзін з супрацоўнікаў фабрыкі выявіў на вытворчай лініі ржавую гранату. Яе выкапалі разам з бульбай — і не распазналі.
Але ўсё скончылася добра, хоць мясцовыя і былі вельмі здзіўленыя: выпадкова знайсці ў зямлі ржавую гранату — больш-менш звычайная рэч для Еўропы, але відавочна не для Новай Зеландыі.
Рэжысёр у дапамогу
Кэры Фукунага — рэжысёр апошняй часткі бандыяны "Не час паміраць" і ўжо культавага серыяла "Сапраўдны дэтэктыў" — пакінуў кіно. Часова. Каб паехаць ва Украіну ў якасці валанцёра.
Там сусветна вядомы рэжысёр займаецца дапамогай людзям: дастаўляе прадукты харчавання і камунікуе з мясцовымі перасяленцамі, якіх заадно фатаграфуе. Сам Фукунага расказаў, што арганізацыяй харчавання для перасяленцаў і пацярпелых займаецца ў тым ліку сусветна вядомы шэф-кухар Хасэ Андрэс.
Днямі Фукунага разам з іншымі валанцёрамі наведаў Бучу, дзе раздаў мясцовым прадукты. Рэжысёр расказвае: многія спачатку ставіліся з недаверам, але потым плакалі, цалавалі і дзякавалі.
Пахвала Гітлеру
Сапраўдны скандал разгортваецца ў Перу: мала таго, што праз рост цэн на паліва грамадства незадаволенае, а ўрад не можа рабіць адэкватных крокаў, дык яшчэ і прэм'ер-міністр вырашыў пахваліць Адольфа Гітлера.
Анібал Торэс пахваліў Гітлера за тое, што ён "ператварыў Германію ў першую эканамічную дзяржаву свету". Наколькі гэта адпавядае праўдзе і якой цаной зрабіў гэта фюрар — на сумленні Торэса, аднак многія, у тым ліку амбасады Ізраіля і Германіі, рэзка асудзілі яго заявы.
Дзіўна, але чамусьці маўчыць Расія, якая любіць займацца "дэнацыфікацыяй". Ці яны проста не ведаюць, што аматара Гітлера трэба пашукаць на іншым кантыненце?
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.