Іх норавы: дыпламатычная катастрофа, пратэсты ў Іране і мяцежны кансерватар

Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Мы разумеем, што на гэтым тыдні адрывацца ад навін Беларусі і Украіны было небяспечна. Але не менш небяспечна — не ведаць, што адбываецца ў свеце. Таму мы прачыталі сусветныя навіны за вас і пераказваем самае галоўнае, як робім кожны тыдзень.

Няма часу чытаць? Слухайце на любой зручнай платформе. 
 

Life matters

На мінулым тыдні паліцыя нораваў у Іране арыштавала Махсу Аміні нібыта за няправільнае нашэнне хіджаба. Пасля гэтага затрымання яна правяла некалькі дзён у коме — і так і не вярнулася да жыцця, піша ВВС. 

Іранская паліцыя заяўляе, што дзяўчыну не білі — што ў той здарыўся нібыта раптоўны сардэчны прыступ. Але заявы паліцыі не пераконваюць бацькоў Аміні. Не дапамагае пераканаць іх і той факт, што перад пахаваннем бацьку дзяўчыны дазволілі ўбачыць толькі твар і ногі дачкі. Мужчына кажа, што на гэтых нагах былі сінякі.

Их нравы: дипломатическая катастрофа, протесты в Иране и мятежный консерватор

Адразу пасля пахавання Аміні ў сеціве з'явілася відэа, на якім дзяўчаты зрываюць хіджабы і размахваюць імі ў паветры. А потым гэтыя пратэсты ахопліваюць 80 гарадоў. Адна з суразмоўніц персідскай службы ВВС сказала, што яе раён нагадваў "поле бітвы". Гэтыя пратэсты забралі жыцці 17 чалавек.  

Што было далей? Прэзідэнт Ірана Эбрагім Раісі пераконваў ААН, што паліцэйскія не білі дзяўчыну, ён абвінавачваў ЗША і Вялікабрытанію ў падвойных стандартах, ён расказваў, што ў іншых краінах людзі таксама паміраюць у сутыкненнях з паліцыяй.  

Але і пратэст, і дамаганні Ірана ўжо выйшлі за межы краіны — на міжнародны ўзровень. Журналістка СNN збіралася ўзяць інтэрв'ю ў Раісі — гэта было б яго першае інтэрв'ю ў рамках візіту на Генасамблею ў Нью-Ёрку. Але тут каманда іранскага прэзідэнта запатрабавала ад яе надзець хустку. Журналістка адмовілася. Магчыма, для Раісі гэта было яшчэ больш непрыемна, чым традыцыйная заклапочанасць сусветнай супольнасці.  
 

Занадта мяцежная для лібералаў

Італьянка Джорджыя Мэлоні была настолькі рэвалюцыйнай, што стала кансерватарам. Яна адзін з галоўных прэтэндэнтаў на пасаду італьянскага прэм'ер-міністра. Днямі ў Італіі пройдуць усеагульныя выбары, і партыя Мэлоні "Браты Італіі" — у фаварытах.

Их нравы: дипломатическая катастрофа, протесты в Иране и мятежный консерватор

Амерыканская CNN называе Мэлоні ўлюбёнкай сусветнага кансерватыўнага руху. Гучыць амаль як процівага "сусветнай закулісе". На самай справе ніякай змовы: Мэлоні сапраўды падтрымліваюць не толькі кансерватары ў Італіі, але і, напрыклад, некаторыя рэспубліканцы ў ЗША. 

А сама Мэлоні, якая абараняе традыцыйныя каштоўнасці, кажа, што ўвесь яе кансерватызм — ад мяцежнасці: 

"Людзі разумеюць, што ў гэтую эпоху адзіны спосаб быць мяцежным — гэта захаваць тое, хто мы ёсць, адзіны спосаб быць мяцежным — гэта быць кансерватыўным". З іншымі італьянскімі правымі — Матэа Сальвіні і Сільвіа Берлусконі — Мелоні згодная не ва ўсім. Напрыклад, яна адкрыта падтрымлівае Украіну і не выступае за перагляд санкцый у дачыненні да Расіі. 

Калі партыя Мелоні атрымае перамогу, яна стане першай жанчынай-прэм'ерам у Італіі. Магчыма, новая Маргарэт Тэтчэр у гэтым сезоне будзе зусім не брытанкай.     
 

Дрэнныя навіны з Амазонкі

Выкіды вугляроду ў рэгіёне Амазонкі ў 2019 і 2020 гадах значна павялічыліся, пераказвае ВВС новае даследаванне. Яго аўтары лічаць, што прычынай могуць быць высечкі лясоў пад патрэбы сельскай гаспадаркі і лясныя пажары.

Чаму мы расказваем пра гэта вам? Таму што ў рэгіёне Амазонкі самыя вялікія плошчы трапічных лясоў у свеце. Гэта значыць, ад Амазонкі залежыць клімат ва ўсім свеце.  

Але толькі на першы погляд гэтае даследаванне такое ўжо апалітычнае. Ад Амазонкі залежыць яшчэ і рэйтынг дзейнага прэзідэнта Бразіліі Жаіра Балсанару, які рыхтуецца зноў пазмагацца за пасаду прэзідэнта. А менавіта Балсанару абвінавачваюць у безадказным падыходзе да клімату і стану амазонскіх лясоў.  

Так што, магчыма, чым бліжэй выбары ў Бразіліі, тым больш мы будзем бачыць справаздач аб стане лясоў Амазонкі.    
 

І трохі дыпламатыі

На курсах дыпламатаў у Паўднёвай Карэі зараз можа з'явіцца новае правіла. Сфармуляваць яго можна прыкладна так: "Не кажыце ў мікрафон тое, што не можаце сказаць Байдэну ў вочы!".  

Прэзідэнт Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёль, калі параўноўваць, пачатковец у палітыцы, ён стаў прэзідэнтам толькі ў траўні. Да гэтага ён не займаў выбарных пасад, дый досведу ў знешняй палітыцы ў яго няма, піша Washington Post.  

Паўднёвакарэйскі прэзідэнт сустрэўся з амерыканскім лідарам Джо Байдэнам на Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку. Байдэн расказваў пра свой праект аховы здароўя на 6 млрд долараў, які можа застапарыцца на Кангрэсе. Юн Сок Ёль, відаць, паспачуваў Байдэну і, звяртаючыся да сваёй каманды, назваў амерыканскіх кангрэсменаў ідыётамі.  

Але выявілася, што мікрафон усё яшчэ быў уключаны, так што, як вы разумееце, гэта відэа хутка стала вірусным.

Прэс-сакратару пазней давялося апраўдвацца і казаць, што прэзідэнт меў на ўвазе свой, паўднёвакарэйскі парламент, а зусім не Кангрэс ЗША! Штаты ж, хоць і дэмакратыя, а павялі сябе як высакародная манархія: тактоўна зрабілі выгляд, што нічога не заўважылі. Так што апраўдвацца за гэты дыпламатычны правал прэзідэнту давядзецца толькі дома.  

А каб вы заўважылі ўсе важныя сусветныя навіны тыдня, мы кожную пятніцу рыхтуем для вас іх кароткі пераказ. Няма часу чытаць? Слухайце на нашым канале на SoundCloud.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі