Іх норавы: мільярдэр адмаўляецца ад грошай, а кот Гацэк працягвае таўсцець

Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Мы ўпэўненыя, што вы не прапусцілі дрэнныя навіны гэтага тыдня. Але маглі прапусціць добрыя. Еўрарадыё не дазволіць гэтаму здарыцца. Мы сабралі ўсе пазітыўныя навіны, якія вы не заўважылі, — а ўсё астатняе вы ведаеце і без нас.
 

Відэа, якое варта перагледзець

Віцэ-прэзідэнт Аргенціны Крысціна Фернандэс дэ Кіршнэр тыдзень таму перажыла замах, але ў нападніка заклініла зброю. Відэа, на якім Крысціне страляюць проста ў твар, а яна застаецца жывая, пераглядалі ва ўсім свеце.

"Я адчуваю, што жывая дзякуючы Богу і Панне Марыі",цытуе Крысціну ВВС.

Пасля таго, што здарылася, аргенцінскай чыноўніцы патэлефанаваў Папа Рымскі Францішак. Які, мы памятаем, таксама аргенцінец.

"Папа Францішак патэлефанаваў мне вельмі рана на наступны дзень. Мы размаўлялі па тэлефоне, і ён сказаў мне нешта накшталт наступнага: актам нянавісці, актам нянавісці і гвалту заўсёды папярэднічаюць словы і выслоўі нянавісці і гвалту", — сказала дэ Кіршнэр.

Тое самае відэа

"Зямля-акцыянер"

Часам мы будзем нагадваць вам пра тэмы, пра якія вы не думалі ўжо два гады. Напрыклад, экалогія.

ВВС расказвае, што мільярдэр і заснавальнік брэнда адзення Patagonia Івон Шуінар перадаў сваю кампанію ў дабрачынны фонд. Гэта значыць, усякі прыбытак, які не рэінвестуецца ў вядзенне бізнесу, будзе адпраўляцца на барацьбу са зменамі клімату. А гэта каля 100 млн долараў у год.

"Зямля цяпер наш адзіны акцыянер", — гаворыцца на сайце кампаніі.

Кампанія Шуінара і раней шмат рабіла для клімату. У эпоху фаст-фэшн, калі купіць новае стала прасцей, чым адрамантаваць старое, Patagonia паабяцала пажыццёвую гарантыю на адзенне і рамонт па разумных цэнах. У кампаніі прызнаюць, што іх адзенне заўсёды было досыць дарагое — але гэта таму, што яно разлічана літаральна на ўсё жыццё.
 

Пяцізоркавы кот

Калі вы ўжо зрабілі візу, прыязджайце ў польскі Шчэцін. Тут жыве кот Гацэк, яго домік нават атрымаў адзнаку на гугл-картах. На Гацэка звярнуў увагу часопіс "Правила жизни".

Мясцовыя жыхары жартуюць, што, калі б на гербе горада ўжо не было грыфона, туды варта было б змясціць ката Гацэка.

Калі ката знайшлі на шчэцінскай вуліцы 9 гадоў таму, ён быў худы і няшчасны. Цяпер ён жыве па тарыфе "ўсё ўключана": у яго шыкоўныя апартаменты проста на вуліцы і запасы ежы, якія пастаянна папаўняюцца.

Турысты ў Шчэціне ставяць Гацэку ацэнкі, як быццам ён славутасць — ратуша там ці музей. Але Гацэк і ёсць славутасць. Такая ва ўсіх сэнсах значная, што не ўсякая вузкая еўрапейская вулачка падыдзе для яго.

Калі паедзеце ў Шчэцін, папярэджваем: забіраць Гацэка дадому з вуліцы нельга. Не толькі таму, што ён славутасць. Проста трапляючы ў кватэру, кот пачынае гарлапаніць і зноў прасіцца на волю. Дый наогул, проста паглядзіце, як выглядае Гацэк, жывучы на вуліцы, і вы зразумееце, што ён ні ў чым не мае патрэбы.

Паглядзіце на Гацэка

Вельмі патрэбны манекен лася

Да навін навукі: на гэтым тыдні была ўручана Шнобелеўская прэмія. Гэтая іранічная прэмія адзначае вынікі навуковых даследаванняў, якія спачатку прымусяць вас падумаць, што навукоўцы займаюцца глупствам, але потым вы задумаецеся.

Так, напрыклад, вучоны са Швецыі атрымаў Шнобелеўскую прэмію па бяспецы, расказвае ВВС. Інжынер Магнус Генс стварыў гумовы манекен лася. Ён ладзіў краш-тэсты для аўто і пісаў па матывах магістарскую дысертацыю.

Их нравы: миллиардер отказывается от денег, а кот Гацек продолжает толстеть

Лось / pixabay

Смешна? А нічога смешнага: у Швецыі ДТЗ з удзелам ласёў вылічваюцца тысячамі, і некаторыя з іх смяротныя. Магнус высветліў, што ў некаторых выпадках падушкі бяспекі проста не паспяваюць спрацаваць. І шэраг вытворцаў транспартных сродкаў узялі яго манекен лася для далейшых выпрабаванняў.

Шнобелеўская прэмія — гэта як нашы агляды сусветных навін. Спачатку вы смеяцеся з ката Гацэка, а потым думаеце — а ці не паехаць вам у Шчэцін? Чытайце нас кожную пятніцу, а калі няма часу чытаць, слухайце на любой зручнай платформе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі