Іх норавы: выбары ў ЗША, недарэчная курыца і забарона на нашэнне яек

Кароткі агляд сусветных навінаў / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Кароткі агляд сусветных навінаў / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Беларускія дзяржСМІ на гэтым тыдні былі вельмі зацікаўленыя прамежкавымі выбарамі ў ЗША. Мы не будзем аналізаваць карані гэтай цікавасці, але распавядзем вам пра прамежкавыя выбары ў ЗША, і пра іншыя важныя сусветныя навіны, якія нельга прапусціць на гэтым тыдні.

Але каго мы падманваем? Бо вы сапраўды ведаеце, што пра няважныя навіны мы Вам таксама раскажам — як робім кожную пятніцу.
Няма часу чытаць? Слухайце на любой зручнай платформе.

Будзьце асцярожныя з прагнозамі

Увесь тыдзень вы не-не, ды натраплялі на навіны пра прамежкавыя выбары ў ЗША. Гэта выбары, па выніках якіх цалкам пераабіраецца ніжняя палата Кангрэса і траціна сенатараў. Цяпер ужо ясна, што рэспубліканцы, хутчэй за ўсё, будуць панаваць у ніжняй палаце, але барацьба за Сенат працягваецца, піша ВВС.

Дэмакраты баяліся, што эканамічная сітуацыя ў краіне падарвала іх рэйтынгі. Але ўсё выявілася не так дрэнна, як баяліся дэмакраты, і як расказвалі Беларускія дзяржСМІ.

"Людзі не ў захапленні ад эканомікі, але іх не звальняюць", — кажа віцэ-прэзідэнт сацыялагічнай службы Ipsos Крыс Джэксан.

Гэтыя выбары разглядалі яшчэ і як "рэферэндум па Трампу", які ўсё яшчэ адыгрывае прыкметную ролю ў Рэспубліканскай партыі, лічыць палітолаг з Тэхаскага ўніверсітэта Джон Тэйлар. Ён лічыць, што некаторыя выбаршчыкі, якія вагаліся, маглі пайсці на выбары, толькі каб выказаць свой пратэст Трампу, які публічна падтрымліваў некаторых кандыдатаў.

Іх норавы: выбары ў ЗША, недарэчная курыца і забарона на нашэнне яек
Дэмакраты vs рэспубліканцы / Haanala 76

Але самае галоўнае, што паказалі гэтыя выбары: хопіць, хопіць прагнозаў. Звычайна партыя прэзідэнта, які знаходзіцца ва ўладзе, губляе пазіцыі пасля прамежкавых выбараў, піша ВВС. І таму на гэтых выбарах чакалі больш прыкметнага поспеху рэспубліканцаў.

"Як правіла людзі робяць заявы, не падмацаваныя дадзенымі, і ў кожнага бока ёсць прычыны займацца свайго роду чырлідзінгам. Я думаю, што адзін з урокаў мінулых выбараў у тым, што трэба быць трохі больш асцярожнымі ў такіх прагнозах", — кажа амерыканскі палітолаг Джасцін Булхер.


“Не абавязваемся, але і не выключаем такой магчымасці”

А на наступным тыдні будзем сачыць за сустрэчай прэзідэнта ЗША Джо Байдэна і кітайскага лідара Сі Цзіньпіна. Гэта будзе іх першая асабістая сустрэча з тых часоў як Байдэн ўступіў на пасаду ў 2020 годзе.

Адносіны паміж краінамі даволі напружаныя — успомнім, як увесь свет сачыў за самалётам жалезнай лэдзі Нэнсі Пелосі, які набліжаўся да Тайваня. Менавіта Тайвань у гэтым сезоне — галоўная прычына канфлікту паміж ЗША і Кітаем.

Байдэн не ўтойвае, што ён будзе размаўляць з Сі пра Тайвань. І кожны бок акрэсліць, што для яго "чырвоная лінія", распавядае ВВС.

Іх норавы: выбары ў ЗША, недарэчная курыца і забарона на нашэнне яек
Тайвань / 毛貓大少爺 from Taipei, Taiwan

Байдэн, у адрозненне ад папярэдніх прэзідэнтаў ЗША, неаднаразова заяўляў, што ЗША будуць абараняць Тайвань у выпадку ўварвання Кітая. Але пасля гэтага Беламу Дому даводзілася апраўдвацца за каментары прэзідэнта і настойваць, што пазіцыя Вашынгтона ўсё яшчэ "двухсэнсоўная": гэта значыць, ЗША не абавязваецца абараняць Тайвань, але не выключае такой магчымасці.

Калі вам калі-небудзь трэба будзе коратка растлумачыць дзецям, што такое палітыка, запомніце гэтую фразу.
 

Крыштальная ноч

У сетцы рэстаранаў KFC быў цяжкі тыдзень. Хтосьці выпадкова адправіў нямецкім кліентам рассылку з віншаваннямі напярэдадні Крыштальнай ночы і прапанаваў адзначыць сырнай курыцай. Рассылка выглядала так:

"Сёння Дзень памяці "Крыштальнай ночы"! Пачастуйце сябе дадатковым далікатным сырам на хрумсткай курачцы. Ужо зараз на KFCheese!" — цытуе ВВС.

Нагадваем: Крыштальная ноч — гэта дзень, з якога пачаліся яўрэйскія пагромы ў Германіі. У ноч з 9 на 10 лістапада 1938 года загінулі больш за 90 чалавек. Сінагогі і крамкі, якімі кіравалі габрэі, былі разгромленыя. Многія вядуць адлік Халакосту з гэтага дня. У гэты дзень у Германіі яго ўспамінаюць мемарыяльнымі мерапрыемствамі. І дакладна не курыцай.

У КFC заўважылі, што зрабілі хтосьці не тое, даволі хутка. Менш чым праз гадзіну яны напісалі першыя прабачэнні.

"Мы прыносім свае глыбокія прабачэнні. Мы неадкладна праверым усе ўнутраныя працэсы, каб такога больш не паўтарылася. Калі ласка, прыміце нашы прабачэнні за гэтую памылку", — гаварылася ў заяве KFC.

Не думайце, што ў KFC працуюць пачвары. Праблема ў тым, што ў KFC працуюць робаты. І менавіта бот адправіў бестактоўнае паведамленне. У сістэме ёсць набор памятных і святочных дат, і робат сам складаў прапановы для рассылкі. Сетка KFC яшчэ некалькі разоў выбачылася і вырашыла часова спыніць агулам усе пуш-рассылкі. Робата чакае сур'ёзная размова і, спадзяемся, трэнінг па эмпатыі.
 

І ніводнага пакаяльнага відэа

На гэтым тыдні караля Вялікабрытаніі Карла III закідалі яйкамі. У нападзе на Яго Вялікасць падазраюць 23-гадовага студэнта. Усе яйкі паляцелі міма і не патрапілі ні ў караля, ні ў каралеву-кансорт, але маладога чалавека затрымалі.

Пасля вызвалення пад заклад студэнт пагаварыў з выданнем Daily Mirror. Ён распавёў, што ў момант затрымання прыхільнікі караля крычалі яму ўслед, што гатовыя забіць яго на месцы.

Але мы хочам, каб вы ведалі, што яму пагражае за гэты дзёрзкі выхад, акрамя гневу натоўпу. Маладога чалавека чакае суд — яго абвінавачваюць у парушэнні грамадскага парадку. А пакуль што яму проста забаранілі набліжацца да караля на адлегласць менш за 500 метраў. І з'яўляцца ў грамадскіх месцах з яйкамі.

Іх норавы: выбары ў ЗША, недарэчная курыца і забарона на нашэнне яек
Але як быць з амлетам? / pixabay

А як жа амлет на сняданак – спытаеце вы. У паліцыі падумалі і вырашылі, што другую забарону сапраўды варта адмяніць. Што? Так, і ніякіх пакаяльных відэа. Спадзяемся, што беларускія дзяржаўныя СМІ на гэтым тыдні сачылі не толькі за выбарамі ў ЗША, але і за гэтай гісторыяй.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі