Інстытут гісторыі: Наконт добраўпарадкавання ў Курапатах да нас не звярталіся

Інстытут гісторыі: Наконт добраўпарадкавання ў Курапатах да нас не звярталіся

Інстытут гісторыі Акадэміі навук падрыхтаваў да друку зборнік дакументаў і матэрыялаў пра месца палітычных рэпрэсій Курапаты. Пра гэта парталу TUT.by паведаміў намеснік дырэктара па навуковай рабоце інстытута Вадзім Лакіза

Спецыялісты інстытута былі задзейнічаныя ў працах ва ўрочышчы ў 2018 годзе, калі пачалося добраўпарадкаванне Курапатаў. Тады замоўцам выступала Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, якая працавала над усталяваннем у Курапатах помніка ахвярам палітычных рэпрэсій. Спецыялісты Інстытута гісторыі правялі археалагічныя даследаванні на месцы ўстаноўкі памятнага знака. Даследаванні, якія праводзіў Вадзім Кошман, паказалі, што на месцы ўсталявання помніка пахаванняў няма. 

Па словах Лакізы, дакладную колькасць ахвяраў, пахаваных у Курапатах, выявіць ніколі не ўдасца. "Я асабіста і мае калегі будзем заўсёды супраць работы, накіраванай на раскрыццё ўсіх западзін, якія ёсць у Курапатах. Там забітыя людзі пахаваныя, не трэба трывожыць іх. Зроблена вельмі шмат, каб паказаць, што там было. Асобы ўстанавіць у большасці немагчыма: па тых прадметах, якія былі выяўлены, — устаноўлены толькі два прозвішчы. Гэта ўсе імёны, што ёсць з амаль тысячы ідэнтэфікаваных людзей", — кажа гісторык.

Дарэчы, з нагоды работ, якія цяпер праходзяць у Курапатах, ніхто ў Інстытут гісторыі не звяртаўся. Як удакладняе Лакіза, гэта не рэгламентуецца заканадаўствам. 

"Асабіста я і многія мае калегі б так не рабілі. Курапаты — гэта месца, якое павінна аб’ядноўваць грамадства", — дадае прадстаўнік Інстытута гісторыі. Ён падкрэслівае, што ад яго ўстановы на сёння сітуацыя ў Курапатах не залежыць. 

Нагадаем, што 4 красавіка ў Курапатах рабочыя лясгаса пад аховай міліцыянтаў знеслі 70 крыжоў, якія Зміцер Дашкевіч і ягоныя аднадумцы ўсталявалі летам па перыметры лесу. Па словах чыноўнікаў, усе працы былі ўзгодненыя. Грамадскасць рэзка асудзіла знос крыжоў. 

13 красавіка у Курапатах падчас суботніка зноў былі знесеныя крыжы. Гэтым разам — металічныя, якія стаялі ўздоўж МКАД. На іх месцы высадзілі дрэвы. Кіраўнік Рыма-каталіцкага касцёла ў Беларусі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў спыніць "крыжалом". 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі