Івацэвіцкага анархіста аштрафавалі за рэпосты "Вконтакте"

Івацэвіцкага анархіста аштрафавалі за рэпосты "Вконтакте"

Суд Кастрычніцкага раёна Гродна 16 лістапада аштрафаваў Уладзіслава Сераду за рэпосты ў сацсетцы "Вконтакте". Малады чалавек павінен заплаціць 367,5 рубля (15 базавых велічыняў), паведамляе harodniaspring.org. Прысуд вынесла суддзя Алена Тоўсцік-Самойла

Юнак з Івацэвічаў адбывае ў Гродне тэрмін на "хіміі" па іншай справе. Да вызвалення яму засталося паўтара месяца.

Нагодай для суда сталі тры перапосты "Вконтакте" з іншых рэсурсаў. Серада пацвердзіў, што ён зрабіў рэпост матэрыялаў, але не бачыў нічога кепскага ў іх і нават не падазраваў, быццам яны могуць трактавацца як экстрэмісцкія. У адным з матэрыялаў расказвалася пра акцыю маскоўскіх анархістаў у падтрымку беларускіх анархістаў, у двух іншых — пра акцыі супраць так званага ўказу аб дармаедстве ў Беларусі ў 2017 годзе. 

Пры разглядзе справы выявілася, што два з трох рэсурсаў, з якіх перапошчваў матэрыялы Серада, на момант перапосту не былі ўнесеныя ў спіс экстрэмісцкіх. Адвакат хлопца лічыў, што прыцягваць яго ў такой сітуацыі да адказнасці — юрыдычна абсурдна. 

Трэці сайт быў унесены ў спіс экстрэмісцкіх. Але, на думку адваката, заблакаваць яго мусілі адпаведныя дзяржаўныя органы, якія гэтага не зрабілі. 

Тым не менш суддзя не прыняла да ўвагі довады абароны і аштрафавала юнака. 

Як распавядала Еўрарадыё, лідара гурта "Dzieciuki" Алеся Дзянісава за перапосты ў сацсетках прызналі вінаватым у "распаўсюдзе экстрэмізму" і аштрафавалі на 612,5 рубля (25 базавых велічыняў). 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі