Івашкевіч прапанаваў, каб людзі прыйшлі на Дзень волі са званочкамі
Але большасць апазіцыйных лідэраў выказаліся за тое, каб акцыя праходзіла традыцыйна.
Аргкамітэт па адзначэнні Дня волі ў сераду прыняў рашэнне падаць заяўку ў Мінгарвыканкам на правядзенне вулічнай акцыі. Яна мусіць пачацца 25 сакавіка а 18-й гадзіне каля Акадэміі навук. Пасля шэсце пройдзе да сквера Янкі Купалы, дзе мае адбыцца мітынг.
Іншы фармат акцыі прапаноўваў Віктар Івашкевіч. Ён хацеў "зварушыць творчую энергію мас", але не быў падтрыманы большасцю ўдзельнікаў нарады. Вось што Віктар Івашкевіч распавёў у жывым эфіры Еўрарадыё:
“Былі дзве галоўныя прапановы. Была прапанова старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, каб падаваць заяўку ў Мінгарвыканкам на Акадэмію навук, замаўляючы шэсце. Разлік на тое, што ўлада дазволіць месца збору каля Акадэміі навук, бо раней ужо такое рабілася. І там правесці мітынг. Удзельнікі сустрэчы лічылі, што на дазволенае месца збору можа прыйсці больш людзей, чым на недазволенае.
У мяне была прапанова не падаваць ніякіх заявак, ведаючы, што хутчэй за ўсё будзе адмова, а заклікаць людзей сабрацца на плошчы Свабоды. Там адпаведны антураж — Ратуша — сімвал самакіравання, два храмы — каталіцкі і праваслаўны. І на той плошчы правесці такую акцыю "Званы Свабоды". Выкарастаўшы і "Звон Свабоды", выраблены мастаком Шатэрнікам, ён некалькі разоў ужо выкарыстоўваўся падчас акцыяў”.
Віктар Івашкевіч прыдумаў заклікаць людзей таксама прыйсці з рознымі званамі і званочкамі, і, натуральна, аформіць гэта ў бел-чырвона-белыя колеры. І, у 18 гадзінаў, калі пачынаюць званіць званы Ратушы і храмаў, пачаць разам з імі перазвон "Званамі Свабоды".
“Тут, адпаведна, і паэтычныя сэнсы, — дадаў сп. Івашкевіч. — І вось правесці такую акцыю, больш як мастацка-грамадскае дзеянне, а не звычайны мітынг, які праводзіцца шмат гадоў.
Але большчасць вырашыла, што лепш праводзіць тое, што робіцца традыцыйна. Калі большасць вырашыла, то альтэрнатыўныя нейкія захады я і мае сябры па "Еўрапейскай Беларусі" рабіць не будзем, а па меры магчымасці прымем удзел у той акцыіі, якую вырашала рабіць большасць”.
Фота: www.europeanmarch.org