Каб знайсці “дармаедаў”, чыноўнікі тэлефануюць іх знаёмым. Гэта законна?
14 сакавіка жыхару Полацка Аляксею патэлефанавалі з незнаёмага нумара. Суразмоўца прадставіўся старшынёй аднаго з сельсаветаў Віцебшчыны і пацікавіўся, дзе жыве і чым займаецца дзяўчына Аляксея. Але размова не склалася:
— Дзе яна і чым займаецца? — пытаецца чыноўнік.
— З якой мэтай вас гэта цікавіць?
— Ёсць спісы тых, хто не працуе…
— Я наконт гэтых спісаў вам адкажу! — выходзіць з сябе Аляксей. — Прыбірайце з гэтага спісу, і пажадана кампенсацыю нам даслаць тысяч на пяць беларускіх рублёў. Супраць Рэспублікі Беларусь мы вылучым іск за ўшчамленне ў правах і за генацыд насельніцтва Беларусі! Пытанні ёсць яшчэ? Вы мяне пачулі? Гэта ваша праца, вы і шукайце!
Аляксей мяркуе, што інфармацыю пра яго знаёмую збіраў адзін з членаў камісіі, які каардынуе працу па садзейнічанні занятасці насельніцтва. Камісіі шукаюць людзей, не занятых у эканоміцы. Пры гэтым, па словах палачаніна, дзяўчына, пра якую ішла гаворка, афіцыйна працуе.
“Патэлефанаваў член нейкай камісіі, — распавядае Еўрарадыё Аляксей. — Тэлефануе, засведчвае, што гэта я, і пытаецца пра маю знаёмую, працуе яна ці не. Па-першае, адкуль мой нумар у гэтага чалавека? Па-другое, навошта ўвогуле збор гэтай інфармацыі? У краіне тэрмін “асабістая інфармацыя” размыты цалкам!”
Наколькі законна тое, што чыноўнікі збіраюць інфармацыю пра людзей праз іх знаёмых? Хто правярае гэтыя звесткі, і што будзе, калі пра чалавека нагавораць лухты? У каментарыях пад гнеўным постам Аляксея людзі пішуць пра 1937 год, калі ўсе даносілі на ўсіх. Еўрарадыё спрабуе разабрацца ў сітуацыі.
Распытвае, але нешта расказваць не хоча
Тэлефануем па нумары, з якога званілі Аляксею. Мужчына, які здымае трубку, аказваецца катэгарычна супраць таго, каб нешта распавядаць пра сябе па тэлефоне.
“Я людзям калі тэлефаную, прадстаўляюся, — адказвае на нашы пытанні чыноўнік. — Чаму вы лічыце, што я павінен вам нешта казаць? Прыязджайце, бярыце паперу, хто вас накіраваў, і пагаворым. Па тэлефоне вы мяне праслухоўваеце, запісваеце! Навошта мне гэта? Я нармальна працую, згодна з законам прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Ёсць дэкрэт №3, згодна з якім, некаторых мы абтэлефаноўваем, ці занятыя яны ў эканоміцы. Задаю пытанні, дзе хто працуе і чым займаецца”.
З гэтымі словамі чыноўнік кідае трубку.
Праваабаронца: “Гэта відавочнае перавышэнне паўнамоцтваў”
Праваабаронца Андрэй Стрыжак распавёў Еўрарадыё, што з боку чыноўнікаў незаконна патрабаваць адказаў на такія пытанні. Чалавек мае права адмовіцца адказваць.
“Любы чалавек на такі званок можа адказаць як заўгодна, — тлумачыць Андрэй Стрыжак. — Можна нават увогуле не адказваць. Мы не бачым суразмоўцу, таму можна сказаць:“Вася, хопіць жартаваць!”, і пакласці трубку. Калі вы не хочаце даваць нейкія звесткі, дык па тэлефоне вы можаце гэтага не рабіць. Іншая справа, калі чалавека выклікаюць у адпаведныя органы позвай. Гэта іншыя абавязкі”.
Праваабаронца дадае, што падобныя дзеянні чыноўнікаў — відавочнае перавышэнне паўнамоцтваў.