Kaiser Chiefs “The Future Is Medieval”

Вольнае распаўсюджанне музыкі ў інтэрнэце даўно выбіла глебу фінансавай стабільнасці з-пад ног музыкаў усяго свету. З гэтай нагоды нехта, не хаваючы крыўды на няўдзячных фанатаў, адмаўляецца ад музычнай кар’еры і перасоўваецца ў больш прыбытковыя сферы дзейнасці, нехта наадварот падстаўляе другую шчаку і раздае музыку бясплатна, нехта ўпарта працягвае змагацца за свае кроўныя, выдумляючы разнастайныя схемы, каб заахвоціць публіку купляць сваю творчасць у запісе. І вось недзе тут пралягае расплывістая мяжа, па адзін бок якой яшчэ мастацтва, па другі, напэўна, – ужо маркетынг.

Дык вось, на пачатку чэрвеня брытанцы Kaiser Chiefs абвясцілі пра прэзентацыю свайго чацвёртага альбома і прапанавалі публіцы музычны паўфабрыкат за сем з паловай фунтаў стэрлінгаў пад назвай The Future Is Medieval, то бок “Будучыня – гэта сярэднявечча”, -- анансуюць музыкі. Выклаўшы на сваім сайце 20 кампазіцый, гурт прапанаваў усім жадаючым сыграць у гульню, якая нагадвае нешта сярэдняе паміж склейваннем мадэлі самалёціка з гатовага набору і сеткавым маркетынгам. Слухачам прапаноўвалася з 20 выбраць 10 песень, з гатовых шаблонаў сканструяваць вокладку і скачаць гэта ўсё за вышэй згаданую суму. Але самае цікавае пачынаецца пазней:

Свой альбом гурта Kaiser Chiefs вам прапаноўвалася выставіць на продаж за тыя самыя 7 з паловай фунтаў, і калі нехта не пажадае напружвацца і купіць ужо складзеную вамі падзелку, вы атрымаеце працэнт – 1 фунт. Такім чынам, альбом губляецца ў цені схемы свайго ж распаўсюджання, якая набывае мудрагелістую і форму і неабсяжныя памеры. Але ёсць плюс – у вас з’яўляецца шанец адбіць грошы, затрачаныя на гэтую гульню.

Падавалася б, цудоўная ідэя, амаль на кожным дыску ёсць трэкі, якія даводзіцца прымусова перашчолкваць, а тут можна адразу скласці альбом адмыслова для сябе – так, як хочаш, ты ўключаешся ў творчы працэс, адчуваеш сябе сааўтарам. Яшчэ нядаўна ніхто пра такое нават марыць не мог. Але, не мінула і двух тыдняў, як Kaiser Chiefs падзякавалі ўсім, хто “скачаў сваю ўласную версію нашага чацвёртага альбома, тым самым падагрэўшы інтарэс да афіцыйнага рэлізу” і неўзабаве ў продаж паступіў гэты самы “афіцыйны” альбом.

Вось тут час разгубіцца тым, хто ўжо набыў 4-ты альбом Kaiser Chiefs, а самым упартым фанатам ашчадзіць грошы на яшчэ адну пласцінку. Адным словам, у гурта, хутчэй за ўсё, атрымаецца прадаць адзін і той жа альбом двойчы. Выдатны маркетынгавы ход, якім альбом, магчыма, запомніцца больш чым сваім музычным зместам. Верагодна, “The Future Is Medieval не атрымае такой папулярнасці, як першыя працы гурта. Пласцінка пакідае адчуванне пэўнай недадуманасці і разнароднасці. Гэта сапраўды, хутчэй, складанка з песень, якія гурт запісаў за апошнія 3 гады.

13 трэкаў з “афіцыйнага альбома” стылістычна надта разнастайныя, і цяжка знайсці нешта, што аб’ядноўвае іх у адзін альбом. Праўда, пару заканамернасцяў адразу кідаецца ў вушы: Kaiser Chiefs больш шчыльна пасябравалі з сэмпламі, у выніку чаго парачка песень атрымаліся амаль электроннымі і амаль адусюль чуюцца нейкія “касмічны шумы”, якія падаюцца не заўсёды трапнымі. Таксама відавочна, што The Future Is Medieval пазбег уплыву пост-панку, таму, у адрозненні ад папярэдніх альбомаў, у ім паменела энергічнасці, забіяцтва і звонкасці. Самі ж музыкі заяўлялі, што падчас працы над альбомам на іх моцна паўплываў дыск Be Here Now гурта Oasis. Калі пажадаць, адсылкі да Oasis можна пачуць, напрыклад, у песні Starts with Nothing.

 

Яшчэ адной неспадзяванкай альбома стала дзіўная зменлівасць вакалу Рыкі Ўілсана, ад якой складаецца ўражанне, што ў запісе альбома ўдзельнічала некалькі вакалістаў. Напрыклад, у трэку If You Will Have Me Рыкі ўмела пераймае вакал Джона Ленана.

Карацей, чамусьці цяжка скласці завершанае ўяўленне пра альбом “The Future Is Medieval”. Кожны раз пасля праслухвання яно разлятаецца на мноства рознакаляровых аскепкаў. Таму, проста слухайце і выбірайце для сябе тыя фрагменты, якія вам больш пасуюць.

 Трэкліст альбома:

  1. "Little Shocks"
  2. "Things Change"
  3. "Long Way from Celebrating"
  4. "Starts with Nothing"
  5. "Out of Focus"
  6. "Dead or in Serious Trouble"
  7. "When All Is Quiet"
  8. "Kinda Girl You Are"
  9. "Man on Mars"
  10. "Child of the Jago"
  11.  "Heard It Break"
  12.  "Coming Up for Air"
  13.  "If You Will Have Me"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі