Калі на акцыі схапілі рабочага, чалавек 200 хацелі ісці яго падтрымаць

Рабочыя аднаго з цэхаў Мінскага трактарнага завода звярнуліся ў прафсаюз РЭП з просьбай дапамагчы падрыхтаваць дакументы на імя кіраўніцтва прадпрыемства ў сувязі з нізкім заробкам. Пад зваротам падпісалася каля 30 чалавек. З гэтай нагоды Еўрарадыё паразмаўляла са старшынёй прафсаюза РЭП Генадзем Фядынічам.

Еўрарадыё: Што падштурхнула людзей да напісання ліста кіраўніцтву?
110913 Fiadynich_site.mp3
Фядыніч: Відавочна, іх падштурхнула тое, што іх заробкі ў параўнанні з лютым гэтага года зменшыліся. І зменшыліся не ў доларавым эквіваленце, а ў рублёвым. Там, у малярным цэху, працуюць пераважна жанчыны. І зараз, калі атрымалі гэтыя грошы (1 мільён 700 тысяч рублёў), яны звярнуліся да нас, спыталіся, што рабіць у такім выпадку?

На трактарным заводзе працоўным падымалі заробкі, але гэта не дайшло да маляроў. Безумоўна, гэта жах у людзей, як за такія грошы пракарміць сям’ю. Тым больш, што ўсе дні яны працавалі, у ліпені нават у тры змены. Чаму такія заробкі?.. Яны даволі дружныя, і я лічу, што яны даб’юцца свайго, бо ўсе патрабаванні, якія яны паставілі кіраўніку завода, маюць права не толькі на існаванне, а і на выкананне.

Еўрарадыё: Гэтыя хваляванні, гэта не выключны выпадак, падобнае адбываецца і на іншых прадпрыемствах?

Фядыніч: У нас няма яшчэ такіх сродкаў і рэсурсаў людскіх, каб правесці маніторынг па ўсёй Беларусі. Але гэта не выпадкова. Калі такое ёсць на заводзе, які сёння адзін з самых магутных заводаў Беларусі (а за ім сочыць дзяржава), думаю, хутка будуць іншыя такія прыклады з затрымкамі заробкаў і з нізкімі заробкамі. Праблемы гэтыя існуюць і яны будуць існаваць...

Еўрарадыё: Нашы рабочыя так цывілізавана пратэстуюць: не ходзяць на страйкі, на мітынгі, на “маўклівыя” акцыі, а пішуць лісты...

Фядыніч: Бо не кожны працоўны мае інтэрнэт... На адным сталічным заводзе такі выпадак адбыўся. Там працуе выдатны рабочы (ён там на дошцы гонару вісіць), і ён пайшоў з сынам на маўклівыя акцыі, дзе іх забралі. Ён адсядзеў некалькі сутак на Акрэсціна. І тады, калі ён сядзеў, вырашылі працоўныя гэтых цэхаў, чалавек 200-250, пайсці таксама падтрымаць і папляскаць у далоні...

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі