Каліноўскі ў “Вікіпедыі”: ад героя-рэвалюцыянера да паланізатара беларусаў

Каліноўскі ў “Вікіпедыі”: ад героя-рэвалюцыянера да паланізатара беларусаў

Спрэчкі пра перапахаванне парэшткаў беларускага нацыянальнага героя паказалі неадназначнасць меркаванняў аб спадчыне паўстанца і рэвалюцыянера. Кастусь Каліноўскі для палякаў, беларусаў і літоўцаў агульны герой ці не? Як вобраз Каліноўскага змяняўся ў беларускіх школьных падручніках па гісторыі, мы разглядалі ў мінулым матэрыяле. Цяпер Еўрарадыё вырашыла паглядзець, як вобраз нацыянальнага героя і рэвалюцыянера паказаны ў “Вікіпедыі” на розных мовах.

Каліноўскі ў “Вікіпедыі”: ад героя-рэвалюцыянера да паланізатара беларусаў

Польская “Вікіпедыя”: Каліноўскі — за незалежнасць Літвы ад Расіі і вяртанне да польска-літоўскай федэрацыі

Хто: Wincenty Konstanty Kalinowski — рэвалюцыянер, камісар Нацыянальнага ўрада па Гродзенскай губерні ў Студзеньскім паўстанні, герой Беларусі, Літвы і Польшчы, па прафесіі журналіст і юрыст.

Польска-руская змова супраць царызму: падчас вучобы ва універсітэце ўдзельнічаў у змешанай польска-рускай змове супраць царызму. Займаўся рэвалюцыйнай працай у Гродзенскай губерні. Выдаваў газету "Мужыцкая праўда" — адну з першых газет па-беларуску, якая напісана на лацінцы, — і дзве іншыя газеты на польскай мове.

Погляды: Каліноўскі выказаўся за незалежнасць Літвы ад Расіі, вяртанне да польска-літоўскай федэрацыі, абарону беларускай мовы і рашучыя сацыяльныя рэформы: раздзяленне вялікіх памешчыцкіх зямель і ўключэнне сялян ва ўзброеную барацьбу за незалежнасць.

Ушанаванне памяці: у беларускай гістарычнай літаратуры перыядычна выкарыстоўваецца тэрмін "паўстанне Каліноўскага". У савецкія часы яго паказвалі як героя. Студзеньскае паўстанне лічылася адным з этапаў барацьбы за вызваленне рабочых і сялян. Пасля распаду СССР падкрэсліваліся тэмы, звязаныя з імкненнем да незалежнасці Беларусі. У гэты перыяд беларускія ўлады стварылі ордэн Кастуся Каліноўскага. 

Стаўленне ўрада Лукашэнкі да Каліноўскага: стаўленне да Каліноўскага спачатку было станоўчым, але пасля пратэстаў 2006 года, калі апазіцыя прызнала Каліноўскага сімвалам супраціўлення ўладзе, урад пачаў вынішчаць яго вобраз. Студзеньскае паўстанне разглядалася як падпарадкаванае выключна польскім інтарэсам і супраць беларускіх. Улады вярнуліся да гістарычнай палітыкі, якую праводзіў царскі ўрад: яны лічаць генерала Міхаіла Мураўёва героем, які задушыў паўстанне.

Стыпендыя для беларусаў: імя Кастуся Каліноўскага носіць праграма стыпендый урада Рэспублікі Польшча для беларускіх студэнтаў, выкінутых з вучобы пасля “джынсавай рэвалюцыі” ў 2006 годзе.

Каліноўскі ў “Вікіпедыі”: ад героя-рэвалюцыянера да паланізатара беларусаў

Руская “Вікіпедыя”: выдавец першай нелегальнай беларускай газеты

Хто: Викентий Константин Семёнович Калиновский — нацыянальны герой Беларусі, рэвалюцыянер, публіцыст, паэт, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863 года на тэрыторыі Заходняга краю Расійскай Імперыі, сучасных Беларусі і Літвы.

Выдавец першай нелегальнай беларускай газеты: кіраваў выданнем і распаўсюджаннем “Мужыцкай праўды” — першай нелегальнай рэвалюцыйнай газеты на беларускай мове, у якой выкарыстоўвалася беларуская лацінка. 

Выступаў за далучэнне да барацьбы сялян: узначаліўшы паўстанне на землях былога Вялікага Княства Літоўскага, Каліноўскі выступіў за шырокае далучэнне да барацьбы сялян, за распаўсюджанне паўстання. Сяляне ў большасці сваёй не прынялі паўстанне, а часам нават змагаліся разам з царскімі войскамі супраць атрадаў Каліноўскага.

Светапогляд: погляды Каліноўскага складваліся ў абстаноўцы нарастання сялянскага руху, пад уплывам ідэй рускіх радыкальных публіцыстаў Чарнышэўскага і Герцэна і пад уздзеяннем традыцый польскага нацыянальна-вызваленчага руху.

Асабістае хадайніцтва генерала Мураўёва: падчас допытаў адмовіўся назваць явачныя кватэры і паролі, а таксама імёны іншых кіраўнікоў паўстання. Быў прысуджаны да смяротнага пакарання праз расстрэл. Аднак па асабістым хадайніцтве расійскага генерала Мураўёва расстрэл быў заменены публічным павешаннем. 

Апошнія словы: падчас апошняга абвяшчэння прысуду пасля слоў “двараніна Каліноўскага прысудзіць” выгукнуў сваю знакамітую фразу: “У нас няма дваран, у нас усе роўныя!”.

Заклік да беларускага народа: асуджаны на смерць, Канстанцін Каліноўскі працягваў барацьбу, звяртаючыся да народа з “Пісьмамі з-пад шыбеніцы”. З лістоў вынікала, што Каліноўскі не прызнаваў расійскую ўладу сваёй для беларусаў. Ён заклікаў беларускі народ ваяваць “за свайго Бога, за сваё права, за сваю Радзіму”.

Каліноўскі ў “Вікіпедыі”: ад героя-рэвалюцыянера да паланізатара беларусаў

Чэшская “Вікіпедыя”: кіраўнік “левага” крыла паўстання і прадстаўнік паланізацыі беларусаў

Хто: Wincenty Konstanty Kalinowski — пісьменнік, журналіст і рэвалюцыянер, які мае дачыненне да беларускага, польскага і літоўскага нацыянальнага адраджэння. Ён быў адным з галоўных арганізатараў Студзеньскага паўстання супраць расійскага царызму.

Кіраўнік “левага” крыла паўстання: Каліноўскі быў адным з кіраўнікоў “левага” крыла паўстання, імкнуўся да больш сацыяльнай праграмы і больш шырокага ўдзелу сялянства. У Польшчы паўстанне мела больш арыстакратычны характар. Але мэты былі агульнымі для абодвух бакоў: адраджэнне рэспублікі і аднаўленне свабоды і незалежнасці, але Каліноўскі адчуваў, што Беларусь і Літва адрозніваюцца ад Польшчы, і ўяўляў сабе аўтаномію ў новай рэспубліцы.

Прадстаўнік паланізацыі беларусаў: урад Аляксандра Лукашэнкі лічыць, што Каліноўскі быў прадстаўніком палітыкі "паланізацыі беларусаў". Постаць Каліноўскага падтрымліваў лідар апазіцыйнага руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч, прадзед якога ўдзельнічаў у Студзеньскім паўстанні. Мілінкевіч бачыць у гэтым намаганні “лукашэнкаўскай групы” па злучэнні Беларусі з рускай культурай і расійскай сферай уплыву.

Каліноўскі ў “Вікіпедыі”: ад героя-рэвалюцыянера да паланізатара беларусаў
Вуліца Каліноўскага / Народная воля
Каліноўскі ў “Вікіпедыі”: ад героя-рэвалюцыянера да паланізатара беларусаў

Беларуская “Вікіпедыя” (тарашкевіца): прабацька беларускай нацыянальнай ідэі

Хто: Вінцэнт Канстанцін Каліноўскі — лідар беларускага нацыянальнага вызваленчага руху, рэвалюцыянер-дэмакрат, публіцыст і паэт. Адзін з кіраўнікоў нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863 года. Нацыянальны герой Беларусі. У наш час Кастусь Каліноўскі лічыцца адным з найбольш вядомых прадстаўнікоў беларускай нацыі ў свеце.

Дзейнасць: быў сябрам таемнай вайскова-рэвалюцыйнай арганізацыі афіцэраў Генеральнага штаба, якую ачольвалі Зыгмунт Серакоўскі і Яраслаў Дамброўскі. Распачаў выпуск “Мужыцкай праўды” — першай у гісторыі газеты на беларускай мове. 

Здрада і павешанне: быў выдадзены здраднікам, камісарам Магілёўскай губерні Вітаўтам Парфяновічам. Царскія жандармы схапілі яго ў Святаянскіх мурах у Вільні, дзе той хаваўся пад імем Ігната Вітажэнца. Царскі ваенна-палявы суд прысудзіў Каліноўскага да расстрэлу. Аднак вядомы сваёй жорсткасцю расійскі генерал Мураўёў-вешальнік выказаўся за павешанне.

Прабацька беларускай нацыянальнай ідэі: з царскага астрога перадаў на волю свой запавет беларускаму народу — “Пісьмы з-пад шыбеніцы”. Думкі Каліноўскага пра неабходнасць змагання за сваю Бацькаўшчыну, выказаныя ім у “Пісьмах з-пад шыбеніцы”, можна лічыць пачатковым афармленнем беларускай нацыянальнай ідэі.

Каліноўскі ў “Вікіпедыі”: ад героя-рэвалюцыянера да паланізатара беларусаў

Літоўская “Вікіпедыя”: права на самавызначэнне народаў Літвы і Беларусі

Хто: Konstantinas Kalinauskas — адзін з кіраўнікоў паўстання 1863 года.

Адмовіўся ад кар'еры і асабістага жыцця: скончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. Адмовіўся ад кар'еры і асабістага жыцця і падрыхтоўваў сялян да паўстання. У 1862 годзе пачаў выдаваць газету „Valstiečių tiesa“ (“Мужыцкая праўда”).

Права на самавызначэнне: Каліноўскі адным з першых выказаўся публічна пра права на самавызначэнне народаў Літвы і Беларусі. Калі Літоўскі правінцыйны камітэт стаў падпарадкоўвацца польскаму нацыянальнаму ўраду, Каліноўскі заявіў: "Неразумным кіраўнікам Варшавы нельга давяраць лёс Літвы".

Каліноўскі ў “Вікіпедыі”: ад героя-рэвалюцыянера да паланізатара беларусаў

Французская “Вікіпедыя”: прапаведаваў вызваленне ад расійскай акупацыі народаў былой Рэчы Паспалітай

Хто: Kastus Kalinowski ці Kastus Kalinoŭski — пісьменнік і беларускі рэвалюцыянер. Каліноўскі стаяў каля вытокаў беларускага нацыянальнага адраджэння. Ён паходзіў са шляхецкай сям'і і прызнаны нацыянальным героем Беларусі, Літвы і Польшчы як лідар антырасійскага паўстання.

Адзін з галоўных герояў паўстання: скончыў навучанне ў Пецярбургскім універсітэце ў 1860 г. Затым вярнуўся ў Гродзенскую губерню. Ён быў адным з галоўных герояў паўстання 1863 года. Стварыў "Мужыцкую праўду", адну з першых газет, напісаных на беларускай мове лацінкай.

Вызваленне народаў ад расійскай акупацыі: у сваіх літаратурных творах Каліноўскі прапаведаваў вызваленне ад расійскай акупацыі народаў, якія жывуць на былой тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Ён быў абаронцам каталіцкай рэлігіі і беларускай мовы.

Каліноўскі ў “Вікіпедыі”: ад героя-рэвалюцыянера да паланізатара беларусаў
Паўстанцы 1863 года / Народная воля
Каліноўскі ў “Вікіпедыі”: ад героя-рэвалюцыянера да паланізатара беларусаў

Беларуская “Вікіпедыя”: палітычны дзеяч і выдавец першай беларускамоўнай газеты

Хто: Вінцэнт-Канстанцін Каліноўскі, Кастусь Каліноўскі — палітычны дзеяч, публіцыст, паэт. Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863–1864 гадоў на землях Беларусі і Літвы.

Сябра таемнай ваенна-рэвалюцыйнай арганізацыі: прымаў удзел у дзейнасці нелегальных студэнцкіх гурткоў, быў сябрам таемнай ваенна-рэвалюцыйнай арганізацыі афіцэраў Генштаба. Кастусь стаяў на чале часткі рэвалюцыянераў, якіх адрозна ад "белых" лібералаў звалі "чырвонымі". Гэты напрамак вызваленчага руху прадугледжваў дэмакратычную рэспубліку, перадачу зямлі сялянам, самавызначэнне народаў былой Рэчы Паспалітай.

Таемнае пахаванне: царскі ваенна-палявы суд вынес пастанову: пакараць Каліноўскага смерцю на шыбеніцы. Таемна пахаваны на Гедымінавай гары ў Вільні, побач з іншымі лідарамі і ўдзельнікамі паўстання, забітымі на загад расійскай акупацыйнай улады. Усе магілы былі зраўнаваны з зямлёй, каб яны не сталі месцам для паломніцтва.

Унікальны нумар “Мужыцкай праўды”: з турмы Каліноўскі перадаў на волю "Пісьмы з-пад шыбеніцы". У кастрычніку 1862 года падчас канфліктаў з палякамі паўстаў нумар "Мужыцкай праўды", які, аднак, з нейкіх прычын не надрукавалі. Гэты варыянт з'яўляецца ўнікальным і вылучаецца з усёй серыі, бо тлумачыць сялянам, як раней называлася іхняя краіна і якую назву мае тутэйшы народ.

Знаходка парэшткаў: У лютым 2016 года на гары Гедыміна ў Вільні здарыўся апоўзень, які паўтарыўся ў кастрычніку. Раскопкі пачаліся ў студзені 2017 года, і ўжо праз некалькі дзён адкрылася першая пахавальная яма. Даследчыкі Віленскага ўніверсітэта прыйшлі да высновы, што з вялікай доляй імавернасці тут былі знойдзены парэшткі Кастуся Каліноўскага.

Каліноўскі ў “Вікіпедыі”: ад героя-рэвалюцыянера да паланізатара беларусаў

Англійская “Вікіпедыя”: захаванне і прасоўванне каталіцкай веры і беларускай мовы

Хто: Wincenty Konstanty Kalinowskii — польскі пісьменнік XIX стагоддзя, журналіст, юрыст і рэвалюцыянер. Быў адным з удзельнікаў нацыянальнага адраджэння Польшчы, Літвы і Беларусі і адным з кіраўнікоў Студзеньскага паўстання на землях былога Вялікага Княства Літоўскага ў Рэчы Паспалітай.

Таемныя змовы і таварыствы: падчас вучобы ў Пецярбургскім універсітэце ён уключыўся ў некалькі змоў польскіх студэнтаў і тайныя культурныя таварыствы. Вярнуўся ў Гродна, дзе працягваў рэвалюцыйную дзейнасць.

Захаванне і прасоўванне каталіцкай веры і беларускай мовы: Каліноўскі падкрэсліваў неабходнасць вызвалення ўсіх народаў былой Рэчы Паспалітай ад акупацыі Расіі і захавання грэка-каталіцкай веры і беларускай мовы. Спасылаўся на добрыя традыцыі дэмакратыі, талерантнасці і свабоды Рэчы Паспалітай у адрозненне ад прыгнёту нацыянальных культур у Расійскай Імперыі.

Галоўнакамандуючы на былой тэрыторыі ВКЛ: ён быў папулярным як сярод сялян, так і сярод шляхты, што дазволіла партызанскім атрадам пад яго камандаваннем хутка расці. З-за сваіх поспехаў ён стаў галоўнакамандуючым усіх партызанскіх атрадаў, якія ваявалі на тэрыторыях сённяшніх Усходняй Польшчы, Літвы, Беларусі і Украіны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі