Калядны цуд і боль — жонка Андрэя Скурко пра доўгачаканае спатканне
Андрэй Скурко з сям'ёй / "Наша Ніва"
Кіраўнік аддзела маркетынгу газеты "Наша Ніва" Андрэй Скурко атрымаў магчымасць убачыцца з жонкай. Спатканне адбылося 24 снежня. Пра гэта расказала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку яго жонка Паліна.
"У пятніцу, 24-га, у мяне было нешта накшталт каляднага цуду. Цуд, які абярнуўся болем, цуд-стрэс, ад якога я ўсё не магу адысці. Упершыню за пяць з паловай месяцаў я ўбачыла мужа", — напісала яна.
Муж і жонка размаўлялі праз шкло, на якім вісеў "спіс забароненых тэм і дзеянняў". Побач размаўлялі іншыя людзі. У перамоўным пакоі было 10 месцаў.
Андрэй Скурко, па словах Паліны, добра выглядае. Стараецца сачыць за харчаваннем.
"У перамоўным пакоі стаіць гул, і даводзіцца, прыклаўшы слухаўку да вуха да данаго, другое затыкаць пальцам. Рукі зацякаюць, але да апошняга не мяняю позу, каб не губляць час", кажа Паліна.
Яна прызналася, што напярэдадні думала, ўяўляла, якой будзе сустрэча, аб чым будуць гаварыць, "як ад вачэй да вачэй будуць лётаць маланкі і разрады"…
"Але замест гэтага мяне з галавой накрывае прызабытае шчасце сямейнага размовы. Адчуванне, што не прайшло пяць месяцаў, а пяць дзён. Гаворым пра сям'ю, плёткі, побыт, шмат смяёмся, амаль увесь час. Я столькі не ўсміхалася ні разу за ўсе гэтыя месяцы. Кажу гэта Андрэю. "Дык чаго ты не смяялася!" — лаецца ён. Без цябе не надта атрымліваецца", — піша Паліна.
Яна расказала мужу, што іх маленькі сын вельмі чакае бацьку і прасіў перадаць, што, калі тата вернецца, яны перш за ўсё пойдуць купляць булку з макам.
"У Андрэя ў вачах слёзы. Пераводжу на вясёлае, смешнае", — успамінае Паліна.
Андрэя Скурко разам з калегамі з "Нашай Нівы" затрымалі 8 ліпеня па эканамічным артыкуле. Сутнасць прэтэнзіі была ў тым, што яны няправільна аплачвалі камунальныя паслугі. Праз некаторы час на волю выйшлі бухгалтар Вольга Раковіч і галоўны рэдактар часопіса "Наша гісторыя" Андрэй Дынько. Скурко і галоўны рэдактар "Нашай Нівы" Ягор Марціновіч застаюцца за кратамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.