Камбат Цецярук: Хай Лукашэнка забярэ сепаратыстаў і ўсю расійскую зброю

Так прапанову беларускага кіраўніка, вывесці ўкраінскіх ваенных з-пад Дэбальцава і забраць у Беларусь усю іх зброю, пракаментаваў дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны, камандзір батальёна добраахвотнікаў “Міратворац” Андрэй Цецярук.
 
“Украінскую армію хай ён не чапае, а як вялікі сябра Пуціна хай прапануе прыняць у сябе ўсю тэхніку, якая была пастаўленая з Расіі, усіх салдат, якія прыбылі з Расіі, і ўсіх сепаратыстаў, якія не хочуць жыць ва Украіне. Як альтэрнатыва — хай едуць туды. Мы абараняем сваю зямлю, і нам няма сэнсу сыходзіць у Беларусь і хавацца там. Складана? Так. Прайграем нейкую бітву? Так. Але сыходзіць са сваёй зямлі, аддаваць сваю тэхніку — да чаго гэта прывядзе?”
 
На рэпліку: "Зброя — гэта адно, а вось сепаратысты і нам не патрэбныя", Цецярук цалкам сур’ёзна адказвае: “Лукашэнка добры гаспадарнік — ён знойдзе прымяненне і першаму, і другому”.
 
Нагадаем, сёння Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з прэзідэнтам Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця Сумам Чакрабарці заявіў:
 
“Мы гатовыя не проста быць пасярэднікам, а годна спыніць гэты канфлікт у раёне Дэбальцава і вывесці ўсіх вайскоўцаў Украіны адтуль пад нашы гарантыі, што яны больш ніколі ваяваць не будуць, — сказаў Лукашэнка. — І калі некага напружвае зброя, якой валодаюць вайскоўцы Украіны, акружаныя ў Дэбальцаве, мы гатовыя прыняць на тэрыторыі Беларусі гэтую зброю. Такім чынам, яна ніколі не будзе ўдзельнічаць у ваенных дзеяннях”.
 
Па словах Андрэя Цяцерука, цяпер “пад кантролем, з баямі, але адбываецца адвод войскаў, перадыслакацыя, перагрупоўка, ідзе манеўраная абарона — цяжка, але няма ніякіх катастрафічных момантаў”.
 
Падобным чынам рэагуе на просьбу пракаментаваць прапанову кіраўніка Беларусі прадстаўнік Міністэрства абароны Украіны Канстанцін Махавец: "Смешна... Нашы войскі ўжо самі цалкам паспяхова выходзяць"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі