Камітэт па абароне журналістаў заступіўся за журналіста Яўгена Меркіса
Яўген Меркіс / @viasna96
Камітэт па абароне журналістаў заклікаў беларускія ўлады вызваліць гомельскага журналіста Яўгена Меркіса і зняць з яго ўсе абвінавачанні.
"Улады павінны зняць усе абвінавачанні з Меркіса, неадкладна вызваліць яго разам з усімі іншымі зняволенымі журналістамі і спыніць помсціць прадстаўнікам прэсы за іх рэпартажы", — заявіла Гульноза Саід, каардынатарка праграмы КАЖ па Еўропе і Цэнтральнай Азіі. Паводле яе слоў, прысудам Меркісу беларускія ўлады чарговы раз прадэманстравалі "помслівае стаўленне да тых, хто адважыўся асвятляць агульнанацыянальныя пратэсты пасля спрэчных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года".
Нагадаем, напярэдадні суд у Гомелі прысудзіў Яўгена Меркіса да 4 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у "прапагандзе экстрэмісцкай дзейнасці" і "ўдзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні". Праваабаронцы са свайго боку прызналі Меркіса палітвязнем.
Камітэт па абароне журналістаў — гэта міжнародная няўрадавая арганізацыя са штаб-кватэрай у Нью-Ёрку. Яна была створаная яшчэ ў 1981 годзе і займаецца зборам інфармацыі пра рэпрэсіі і забойствы журналістаў па ўсім свеце.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.