Канстытуцыя 3 мая. Добра ці дрэнна для Беларусі?
Еўрарадыё просіць экспертаў ацаніць уплыў першай Канстытуцыі Еўропы на Беларусь.
3 мая 1791 у Варшаве быў прыняты асноўны закон Рэчы Паспалітай. І стаў першым у Еўропе і другім у свеце (пасля Канстытуцыі ЗША), зафіксаваным пісьмова.
Калі б гэтай Канстытуцыі далі праіснаваць, то Рэч Паспалітая стала бы наймацнейшай дзяржавай у рэгіёне, кажа доктар юрыдычных навук, прафесар БДУ Таісія Доўнар.
"Лепш, чым Энгель, сказаць нельга. Калі б некалькі дзесяцігоддзяў свабоднага непарушнага звонку жыцця Рэчы Паспалітай, і ў Еўропе б склалася магутная дзяржава. Але, вядома ж, Расія і іншыя краіны — Аўстрыя, Прусія — не маглі дапусціць гэтага. Канстытуцыя не доўга праіснавала. У 1793 годзе была прынятая новая, якая вярнула ўсё на старую сістэму".
Гэтая Канстытуцыя была прагрэсіўным дакументам, уводзіла вяршэнства закона, раздзяленне ўлады на заканадаўчую, выканаўчую і судовую.
Таісія Доўнар: "Самае важнае, што яна структуравала сістэму дзяржорганаў. Увяла ўрад, 5 асноўных міністэрстваў. Казала, што ўлада цячэ з рук народа. Нейкія прынцыпы больш прававой дзяржавы яна абвяшчала".
Таксама павялічыліся правы гарадоў, сялян, адмяняўся прынцып "ліберум вета", улада перадавалася па спадчыне, фактычна ўводзілася манархія, якая адмяняла феадальную анархію, адзначае гісторык Валянцін Голубеў.
"Для палякаў гэта сапраўды дзяржаўны акт, якім можна ганарыцца. Адмяняўся прынцып выбарнасці Караля і Вялікага князя, а ўводзілася спадчына, манархія. Пашыраліся правы гарадоў, мяшчанства".
Параўнаць жа гэтую канстытуцыю з французскай цяжка, кажа Таісія Доўнар.
"Французская канстытуцыя ўраўнавала ў правах усіх грамадзян. Канстытуцыя 3 мая імкнулася да гэтага. Яна ўстанаўлівала прававыя прынцыпы, але гэта была канстытуцыя феадальнай дзяржавы. У ёй не маглі абвесціць роўнасць гараджан і сялян. Але іх падцягвалі да ўзроўню шляхты. Казалася, што сяляне знаходзяцца пад патранатам царквы і дзяржавы".
На думку Валянціна Голубева гэтыя свабоды, якія ўводзіліся, былі свабодамі для польскага народа.
Валянцін Голубеў: "Дакумент быў палітычна шкоды для Беларусі, Літвы і часткі Украіны, якая ўваходзіла ў Рэч Паспалітую. Рэч Паспалітая была ўтвораная, як дзяржава абодвух народаў, а дакумент 3 мая ствараў дзяржаву для польскага народа".
Спачатку была федэрацыя Польшчы і ВКЛ, а дакумент 3 мая ўводзіў унітарную дзяржаву пад назвай Рэч Паспалітая.
Валянцін Голубеў: "Менавіта з гэтага часу абмяжоўваецца ўжыванне тэрміна ВКЛ і на нашы прасторы больш пашыраецца тэрмін "крэсы ўсходне".
Уводзілася адна рэлігія — каталіцызм, адна мова — польская. Калі б Канстытуцыя праіснавала больш, то гэта прывяло б да апалячвання беларусаў. З іншага боку, працэсы паланізацыі пасля адмены Канстытуцыі былі замененыя працэсамі русіфікацыі.
"Канстытуцыя 3 мая была даволі дэмакратычнай для Еўропы, але яна вяла бы да знішчэння беларусаў як нацыі. Але калі б я быў палякам, то ганарыўся бы гэтым дакументам", — дадае Валянцін Голубеў.