Канстытуцыю Беларусі пішуць “не пад прэзідэнта", а пад будучага старшыню УНС?

Канстытуцыю Беларусі пішуць “не пад прэзідэнта", а пад будучага старшыню УНС?

У апублікаваным праекце абноўленай Канстытуцыі Усебеларускі народны сход надзяляюць велізарнымі паўнамоцтвамі. Напрыклад, УНС можа ўвесці ваеннае становішча, зняць з пасады прэзідэнта ці адправіць вайскоўцаў за межы Беларусі для “гарантавання калектыўнай бяспекі”.

Такім чынам, у будучыні УНС можа атрымаць істотны — калі не пераважны — кавалак улады. Існуе меркаванне, што нават калі Аляксандр Лукашэнка пакіне сваю цяперашнюю пасаду, то ўзначаліць УНС менавіта ён. Лукашэнка неаднаразова казаў, што змены ў Канстытуцыю робяць “не пад прэзідэнта”. Можа, і сапраўды гэта так — галоўны дакумент краіны перарабляюць для будучага “старшыні УНС”?

— Уся сістэма пабудавана пад Лукашэнку, — упэўнены палітычны аналітык Павел Усаў. — Канстытуцыя — гэта прававы дакумент, які рэгулюе адносіны ў дэмакратычным грамадстве. Яна фактычна акрэслівае канкрэтныя функцыі тых ці іншых галінаў улады. Гэта павінна забяспечыць перш за ўсё стабільнасць для дэмакратыі і забяспечыць правы і свабоды грамадзянаў. У нас не існуе такіх дакументаў, асабліва пасля прыняцця Канстытуцыі з папраўкамі ад 1996 года. Таму гэты праект Канстытуцыі ці іншы праект — па сутнасці, гэта не мае ніякага значэння, бо ў нас застаецца дыктатура.

— Зараз мы ўжо можам гаварыць пра неататалітарную сістэму, бо яна абапіраецца на тэрор, — працягвае аналітык. — Канстытуцыя [ў такім выпадку. — Еўрарадыё] — гэта паперка, якая не вартая нават той паперы, на якой яна напісана. Выконваць яе не будуць, пакуль існуе гэта сістэма. Нават тыя элементарныя правы, якія былі прапісаныя ў Канстытуцыі 1996 года, не выконвалі.

Законы і Канстытуцыя, умоўна, для такіх сістэмаў патрэбны выключна для таго, каб легітымізаваць рэпрэсіі і знішчэнне грамадзянаў пры дапамозе дзяржаўных інстытутаў. Больш ні для чога. Законы ў Беларусі не выкарыстоўваюцца і не могуць быць выкарыстаныя грамадзянамі для абароны сваіх інтарэсаў, нават выбараў. І гэта было не толькі ў 2020 годзе, а пачынаючы з 1996 года, пасля рэферэндуму, — падкрэслівае Павел Усаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі