Каралі раёнаў: Што расказваюць пра патэнцыйных кандыдатаў суседзі

 

Анатоль Лябедзька, Лесі Украінкі, 4

Лідар АГП жыве ў больш-менш сучасным доме (людзі сюды засяляцца пачалі ў 1991-м) ў сэрцы сталічнай Вяснянкі, на вуліцы Лесі Украінкі. Дабрацца з цэнтра 1-ым аўтобусам можна хвілін за 20-25. Машынай яшчэ хутчэй. Я ад футбольнага манежу іду пешшу, крыху кружляю, але патрэбны дом знаходжу даволі хутка. Падрульваю да шчаслівай кампаніі на лаве побач з пад’ездам, паказваю раздрукаванае фота лідара АГП і патэнцыйнага прэзідэнта:

— Мужыкі, вы гэтага чалавека ведаеце?

— Не, не ведаем. А што ён зрабіў? Мы не ведаем, нічога. Вы з міліцыі, ці што?

— Ды не. Я журналіст. Вось, чалавека шукаю.

— Ааа.. Дай, дай глянуць. Кажысь, гэта вунь з таго пад’езда. Але я не памятаю, як завуць. Ідзі вунь спытай, там дворнікі сядзяць. Яны ўсіх ведаюць.

Іду да дворнікаў. На лаве бачу дзвюх жанчын, адна ў поўным прафесійным абсталяванні — аранжавая камізэлька, венік, усё як мае быць. Убачыўшы фотку, аж заходзіцца:

“Дык гэта ж Лябедзька! З 8 пад’езда! Ніколі не вітаецца, ніколі. Ні ён, ні жонка ягоная. А я тут ужо 23 гады працую, падмятаю, прыбіраю за імі. Багатыя людзі з дома вітаюцца нават, а ён — не. Не хоча з намі, з абслугоўваючым персаналам. Так я пра яго не раскажу нічога — праблем няма з імі. Але вось нядаўна (дворнічыха пачынае гаварыць значна цішэй) яму прывозілі нейкія скрынкі позна вечарам, разгружалі тут”.

Галасаваць яна за Лябедзьку не будзе ні ў якім выпадку: “Ён жа юрыст!”. Прызнаецца, што толькі за Лукашэнку. “Вы толькі мужу майму не кажыце — галаву мне адарве. Ён акурат за Лябедзьку хоча. Гэты Лябедзька ж ужо назбіраў 100 тысяч подпісаў, вы ўяўляеце?”, — палохаецца кабета.

Супакойваю, што яшчэ не назбіраў, і іду да пад’езда патэнцыйнага кандыдата. Праз хвілін дзесяць сустракаю мужыка — жыве на некалькі паверхаў вышэй за лідара АГП. “Ведаю, Лябедзька гэта. Нармальны ён мужык. За каго галасаваць буду? Яшчэ не вырашыў. Пабачым, каго зарэгіструюць”, — кажа ён мне і збягае.

Віктар Цярэшчанка, Вясёлкавая, 4

Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў і экс-кандыдат на выбарах 2010 года, а таксама прэтэндэнт у кандыдаты на сёлетніх Віктар Цярэшчанка таксама жыве ў Вяснянцы. Ад дома Анатоля Лябедзькі да дома Цярэшчанкі (пабудаваны таксама на стыку 80-ых і 90-ых) хвілін пяць пешшу. Так што, можна сказаць, Вяснянка — самы багаты на патэнцыйных прэзідэнтаў сталічны раён. Зноў жа — Дразды тут таксама побач.

На вуліцы Вясёлкавай пра Віктара Цярэшчанку спачатку чую толькі добрае. “Ды гэта ж сусед наш! Дачкі маёй, а я тут цяпер у яе жыву. Вельмі харошы мужчына. Вельмі харошы. Вось як ідзе, заўсёды запытае пра здароўе, такі акуратны. Мы канешне, ведаем, што ён хоча стаць прэзідэнтам. Будзем галасаваць толькі за яго. Я, праўда, не хаджу сама. Але калі прынясуць мне урну, то я за Цярэшчанку прагаласую”, — зусім старэнькія суседкі Цярэшчанкі мне трапляюцца першымі і фотаздымак распазнаюць адразу.

Бабулі, якія корпаюцца ў кветках ля суседняга пад’езда, рэагуюць на фота Цярэшчанкі зусім па-іншаму:

— Добры дзень, вы ведаеце гэтага чалавека?

— Ой! Ну нарэшце! Вы з міліцыі? Яго даўно трэба, гэта нягоднік! Нарэшце.

— Не, я не з міліцыі. Журналіст.

— А… Гэта Цярэшчанка! Ён нехарошы чалавек. А цяпер вось у прэзідэнты ідзе, купляе подпісы ў людзей. Па долары плаціць, бегае тут. Такія, як ён, нам у 90-ыя нарабілі бяды. Ён жа быў дэпутатам. А потым не пайшло ў яго. То цяпер прэзідэнтам хоча стаць. Гэта ён вам сказаў, што тут жыве? У яго яшчэ ёсць дом на Нарачы, ён усё туды возіць будматэрыялы! А тут да дома дабудаваў сабе прыбудову — ён жа на першым паверсе жыве. Вось і дабудаваў. Яму дазволілі, а нам нікому не. Чаму? Ён там сабе і падвал зрабіў, усё зрабіў! Ніхто з нашага дома галасаваць не будзе за яго. Тут яго ўсе ведаюць…”

Размова працягваецца хвілін 10 з рознымі ўзроўнямі эмацыйнасці і пераходзіць у настойлівае пажаданне “напісаць пра яго (Цярэшчанку) усю праўду” і “абавязкова сфатаграфаваць прыбудову да кватэры”. Пагаджаюся з усім — выбару ў мяне, відаць, няма. Па дарозе да прыбудовы (яна насамрэч існуе) бачу чацвёрку мужыкоў. З півам толькі адзін, іншыя смаляць папіросы на 30-градуснай спякоце і лузгаюць семкі. Кажуць, што “Цярэшчанка — нармальны мужык”, “галасаваць буду толькі за яго”, бо “ён мне патлумачыў, чаму беларускі рубель не з’яўляецца свабодна канвертуемай валютай”. Пра прыбудову да кватэры мужыкі ведаюць і таксама не адабраюць.

Сяргей Калякін, Веры Харужай, 24, корпус 2

Лідар экс-камуністаў Сяргей Калякін мае, відаць, самае эксклюзіўнае жытло сярод патэнцыйных кандыдатаў (калі не ўлічваць Лукашэнку, вядома) — Калякін жыве ў адной з тых самых 17-павярховых “кукурузін” на вуліцы савецкай падпольшчыцы Веры Харужай. Пад’езд у дома-вежы адзін. Стаю з фота Калякіна, чакаю суседзяў па доме. На бабуль з лавачак тут разлічваць не варта — лавачак няма, месца шматлюднае, мінакі спяшаюцца па сваіх справах. Хвілін праз 10 да пад’езда падыходзіць хлопец:

— Добры дзень. Вы гэтага мужчыну на фота не ведаеце?

— Не, здаецца. Дайце падумаць. Нібы недзе бачыў, але хто гэта… Не скажу вам.

— Вы ў гэтым доме жывяце?

— Так, з бабуляй, тут жыву. А што здарылася?

— Ну вось шукаю, хто б ведаў гэтага чалавека.

Хлопец бразгае ключамі і хаваецца ў пад’ездзе. А я ледзь не псую сабе маліну, кідаючыся да мужыка з тоўстым партфелем, які выходзіць з дзвярэй. Бо гэта… сам Сяргей Калякін! Хаваюся ад яго за кустамі. Хвілін праз 10 з дзвярэй паказваецца пара — маці з дарослай дачкой. Яны Калякіна пазнаюць адразу:

— Дык гэта ж Сяргей Калякін, з нашага дома. Сяргей Уладзіміравіч… Ці Сяргеевіч…

— Іванавіч.

— Так, Іванавіч. Мы яго не асабліва добра ведаем. Але знаёмыя, вітаемся, у ліфце часам сустракаемся.

— Ён сёлета ідзе ў прэзідэнты.

— Так, ідзе. Хай ідзе, паспрабуе. Але мы галасаваць не будзем. Думаем, гэта ўсё марная справа ў нашых умовах. Адным выбары патрэбныя для іх мэтаў уласных, іншым яшчэ для чаго. Хто пераможа — таксама вядома адразу. Навошта ў гэтым усім удзельнічаць? Мы за байкот!

Сяргей Гайдукевіч, Цімашэнкі, 24, корпус 1

Разабрацца ў нерухомасці лідара ЛДПБ не так проста. Але удаецца даведацца, што Сяргей Гайдукевіч мае кватэру на вуліцы Цімашэнкі. Еду туды. Аказваецца, дом Гайдукевіча зусім недалёка ад любімага меламанамі клуба “Рэпаблік” — хвілін пяць пешшу. 24-ты звычайны панельны дом не самага свежага выгляду, шукаю патрэбны мне пад’езд — ля яго чакаю хвілін 15. Нікога. Таму дзейнічаю ўжо парвераным спосабам — іду да дворнікаў. У дадзеным выпадку — двух пенсіянерак з венікамі. Паказваю ім фота Сяргея Гайдукевіча:

— Добры дзень. Вы, можа, ведаеце гэтага чалавека?

— Дайце глянуць. А што здарылася? Ён прапаў?

— Не, не прапаў. Хачу даведацца, што раскажуць людзі пра яго.

— Здаецца, наш. Лена, глянь, ты не бачыла такога чалавека? Такі красівы мужчына.

Лена не бачыла. Але падказвае, што калі патрэбны мне “прыгожы мужчына” менавіта з 8 пад’езду, то пытацца трэба ў “вунь той дзевачкі ў аранжавай камізэльцы, яна ўсіх там ведае”. Іду, паказваю здымак, пытаюся. Дзяўчына ў камізэльцы задумваецца і выдае:

— Так, гэта наш. А што такое з ім?

— Збіраецца стаць прэзідэнтам, удзельнічае ў выбарах.

— Да вы што! (твар дзяўчыны ў камізэльцы пры гэтым выказвае крайнюю ступень здзіўленасці)

— Ну, так. Вось і подпісы за яго ўжо збіраюць…

— Не можа быць! Вы што! Ён жа гэта… не прасыхае! Ён жа алкаш!

— Гэта як?

— Ну так. Не, Валодзька харошы чалавек. Але ён жа п’е пастаянна, якія прэзідэнты…

— Валодзька? Гэта Сяргей Гайдукевіч на фота.

— Не. Нашага Валодзя клічуць. Не ён, значыць.

— А ведаеце, хто ў гэтай кватэры жыве? (называю нумар)

— Дайце падумаць… Там нейкая жанчына, здаецца. А гэтага, што вы на фота паказваеце, я там не бачыла, здаецца.

Сакрэт свайго пражывання раскрывае сам Сяргей Гайдукевіч. У каментарыі Еўрарадыё ён прызнаецца, што кватэра на Цімашэнкі зусім не адзінае месца, дзе ён можа жыць. Ёсць яшчэ добрыы дом пад Мінскам, у Сёмкава. Ён належыць жонцы патэнцыйнага кандыдата, і лідар ЛДПБ там бывае “вельмі часта”. А яшчэ ёсць участак зямлі, куды “можна прыехаць і паглядзець у любы час”. Так што, Гайдукевіч нерухомасць сваёй сям’і нібы не хавае.

Таццяна Караткевіч, Асаналіева, 32

Нечаканы кандыдат ад “Гавары праўду” і БНФ жыве ў Мінску на вуліцы Асаналіева — зусім побач Лошыца і стары аэрапорт, які збіраюцца забудаваць новымі прыгожымі будынкамі. Дом у Караткевіч самы звычайны і, як расказвае суседка, жыве Таццяна там з бацькамі і мужам:

— Ну што я вам пра яе скажу? Я не асабліва ведаю Таню, больш маці яе, канешне. А Таня — харошая яна дзеўка. 38 гадоў ёй. Яны ўсе харошыя людзі. Мы разам засяляліся ў гэты дом гадоў трыццаць таму. Таня тады яшчэ зусім малая была.

— Можа, які шум ад іх, госці, дрылі?

— Не, усё добра.

— Не выпіваюць яны?

— Ды вы што… Харошая сям’я.

Пакуль размаўляем з адной суседкай-пенсіянеркай, з пад’езда выходзіць другая. Паказваю фота і ёй. Пра Караткевіч яна таксама нічога дрэннага не кажа. Але прызнаецца, што галасаваць будзе ўсё ж за іншага кандыдата:

“Яна харошая, Таня. Псіхолагам працуе, са старымі людзьмі, здаецца. Я дакладна не ведаю. Харошая дзеўка. Але ведаеце, я галасаваць за яе не буду. Буду за прэзідэнта. Выбары прэзідэнта і галасаваць трэба за прэзідэнта. А яна — што яна нам дасць? Нам жа, старым, пенсія трэба. А адкуль яна возьме пенсіі плаціць? Таму я толькі за Лукашэнку”.

На развітанне суседкі Таццяны Караткевіч распавядаюць, што вечарамі каля крамы за яе збірае подпісы маці. І “людзі збольшага падпісваюцца”, але “адна прадаўшчыца латарэйных білетаў на днях накінулася і выказала проста ў твар усё, што яна думае пра апазіцыю і Таццяну”. І яшчэ згадваюць пра Жанну Раманоўскую, якая, аказваецца, таксама жыве “недзе на Асаналіева”, але якую ніхто не бачыў. “Нейкая настаўніца. Але беспрацоўная. Куды яна лезе…”, — ставяць палітычны дыягназ пенсіянеркі.

Паразмаўляць з суседзямі Аляксандра Лукашэнкі не атрымалася праз адсутнасць у яго суседзяў. Адрас Мікалая Улаховіча, як і месца жыхарства Жанны Раманоўскай патэнцыйныя кандыдаты старанна хаваюць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі