Карпенка аб дыстанцыйным навучанні ў школе і ўступнай кампаніі-2021
Ігар Карпенка / ctv.by
Са студзеня ў тэставым рэжыме павінна запрацаваць адзіная дыстанцыйная платформа для сярэдняй школы, заявіў у эфіры тэлеканала СТВ міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка.
Ён нагадаў, што, калі здарыўся СOVID, ВНУ змаглі арганізаваць дыстанцыйнае навучанне, а "сярэдняя школа апынулася ў досыць складанай сітуацыі". Пакуль платформа для школ будзе працаваць у тэставым рэжыме. Пры гэтым міністр падкрэсліў, што такая форма адукацыі ў сярэдняй школе не зможа замяніць класна-ўрочную сістэму.
Аб уступнай кампаніі
Карпенка таксама супакоіў абітурыентаў-2021: у гэтым годзе істотных змяненняў ва ўступнай кампаніі не прадбачыцца. Каля паўгода таму Аляксандр Лукашэнка даручыў Міністэрству адукацыі распрацаваць новыя правілы паступлення ў ВНУ, таму што існуючая сістэма тэставання, паводле яго слоў, не дазваляе выкладчыкам "разгледзець у абітурыенце будучага сапраўднага грамадзяніна". Пры гэтым тэрмін ён даў чыноўнікам — да наступнай уступнай кампаніі.
Гэтая "праца пакуль знаходзіцца ў стадыі аналізу, у стадыі сур'ёзнай прапрацоўкі", прызнаўся Карпенка. Ён распавёў, што плануецца увесці нацыянальны экзамен, які будзе сумяшчаць школьны экзамен з цэнтралізаваным тэставаннем "хоць бы па двух прадметах — гэта мова па выбары і матэматыка" , а таксама ўвесці ўнутраны экзамен па профільным прадмеце пры паступленні ў ВНУ.
У бліжэйшы час, па словах міністра, гэтыя ідэі будуць абмяркоўвацца на нарадзе ў Лукашэнкі.
"Калі гэтыя змены будуць прынятыя, нам спатрэбіцца 1,5 — 2 гады, каб іх укараніць у адукацыйны працэс і забяспечыць адпаведнае метадычнае суправаджэнне", сказаў ён.
Адзіныя новаўвядзенні ў гэтую ўступную кампанію закрануць мэтавы набор — мяркуецца "трошкі пашырыць магчымасці для атрымання мэтавай падрыхтоўкі" на медыцынскія, сельскагаспадарчыя і некаторыя тэхніка-тэхналагічныя спецыяльнасці.
Пра заробкі настаўнікаў
Карпенка анансаваў павышэнне заробкаў педработнікаў. З 1 чэрвеня мяркуецца павялічыць прэміяльны фонд: з цяперашніх 5% да 20%. Але гэта не самае галоўнае, адзначыў ён.
"Галоўнае тое, што сёння ва ўрада ёсць праграма планамернага павышэння заработнай платы ўсім катэгорыям педагагічных работнікаў", — сказаў Карпенка.
Гэтая праграма прадугледжвае, што да 2025 годзе заробак педагагічных работнікаў павінен быць не менш сярэдняй зарплаты па краіне. Цяпер ён складае каля 75% ад сярэдняга заробку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.