Кашмарныя цэны і тараканы ў лякарні: як беларуска адпачыла ў Расіі

Быў бы выбар — паехала б толькі ва Украіну / фота з асабістага архіва гераіні тэксту
Быў бы выбар — паехала б толькі ва Украіну / фота з асабістага архіва гераіні тэксту

Жыхарка Баранавічаў Кацярына Завістовіч кожны год адпачывала на Чорным моры ва Украіне, але пасля пачатку вайны гэты варыянт для яе стаў недаступны. Улічваючы, што ў Грузію дабірацца доўга і нятанна, адзіным варыянтам, куды з'ездзіць, для яе стала Расія. І ўражанні засталіся далёка не самымі лепшымі, піша Intex-press.

 

Без кандыцыянера, з высокімі цэнамі

Выбрала Кацярына расійскі Ейск, які знаходзіцца на беразе Азоўскага мора. Гэта быў яе першы досвед адпачынку ў Расіі.

Купіла пуцёўку ў турагенцтве, ехала каля 31 гадзіны. Паездка была камфортнай, аднак з "парай нюансаў".

— Прыкладна кожныя 3,5 гадзіны мы спыняліся на запраўках. І калі мы ўжо былі на тэрыторыі Расіі, аказалася, што на некаторых запраўках прыбіральні платныя, пра што нас ніхто не папярэдзіў. Усіх гэта абурыла, таму што расійскія грошы ў людзей былі, але толькі буйныя, а долары ў Расіі браць ніхто не хоча. Даводзілася адно ў аднаго пазычаць, — расказала Кацярына.

Сама база адпачынку дзяўчыне спадабалася, хоць нумар эканом-класа аказаўся без кандыцыянера. Дакладна ёй не спадабаліся цэны: усё было прыкметна даражэй, чым яна прывыкла ва Украіне.

Кошмарные цены и тараканы в больнице: как белоруска отдохнула в России
Нумар на базе адпачынку

— Цэны — кашмар! Адно марозіва там каштуе як у нас чатыры. Я думала сабе купальнік абнавіць, дык там ён каштуе 110 рублёў на нашы грошы! Мы такога не чакалі. У выніку грошы ў нас пайшлі толькі на ежу, — успамінае Кацярына цэны на расійскім курорце.

Пры гэтым сілкаваліся яны ў Ейску сціпла: хадзілі на абед у сталовую, а сняданкі і вячэры гатавалі самі. Мясныя прадукты, па яе словах, "наогул каравул": каўбасы і сасіскі неядомыя, нясмачная і малочная прадукцыя. Асобны мінус: на марской базе адпачынку не аказалася морапрадуктаў.

— Калі мы ва Украіну ездзілі, там і на пляжы, і ў кожным закутку разнастайныя морапрадукты і рыбу прадавалі. І я заўсёды чакала паездкі на мора, каб усяго гэтага ўдосталь паесці. Тут нічога гэтага не было, хаця побач ліман, і там ловяць крэветак. Куды гэта ўсё дзяецца? Незразумела, — кажа турыстка.

 

Тараканы ў лякарні

Непрыемныя ўражанні пакінуў і апошні дзень адпачынку: яе дачка раптам апынулася ў мясцовай лякарні: у яе пачаліся моцныя ваніты.

— Трапіўшы ў лякарню, мы былі ў жаху: тараканы кішэлі, дзіця баялася ў прыбіральню схадзіць! Сама лякарня таксама нейкая "даваенная", хоць горад немаленькі, тым больш курортны.

Кошмарные цены и тараканы в больнице: как белоруска отдохнула в России
Лякарня ў Ейску

Хоць нейкі плюс: за лячэнне грошай не ўзялі, а стан дзіцяці стабілізавалі. Пасля вяртання ў Беларусь у самой Кацярыны з'явіліся тыя самыя сімптомы, як і ў тых, з кім яны размаўлялі па прыездзе.

Калі б у яе быў выбар, Кацярына паехала б толькі ва Украіну. Яна расказвае, што на адпачынку хочацца кудысьці схадзіць і паглядзець на што-небудзь, а ў Ейску ж не было наогул нічога. Праз цэннікі яны не змаглі сабе нешта прывезці.

Але база адпачынку дзяўчыне спадабалася. Кацярына "на ўсякі выпадак" узяла ў гаспадароў нумара тэлефона. Каб наступным разам можна было заехаць туды без пасярэднікаў у выглядзе тураператараў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі