Кастусь Жукоўскі: У мяне няма часу судзіцца
Пасля 15 сутак арышту на волю выйшаў сябра аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Кастусь Жукоўскі.
Яго арыштавалі па абвінавачанні ў лаянцы за тое, што той здымаў на відэа ля ўправы КДБ выклік на допыт грамадскіх актывістаў.
Еўрарадыё: Раскажыце калі ласка падрабязней, як вас затрымалі, як адбываўся суд і пра ваша знаходжанне за кратамі?
Кастусь Жукоўскі: Дзякуй вам за падтрымку, бо мне сябры перадалі, што па Еўрарадыё кожныя паўгадзіны круцілі, што ў Гомелі галадаюць тры актывісты ў ізалятары. Затрымалі мяне як звычайна: выходжу з дому, праходжу тры крокі – пад’язджае машына. З машыны і з-за рогу выходзяць і накідваюцца злачынцы ў вопратцы спецназа і закідваюць у машыну без аніякіх папярэджанняў і прадстаўленняў. Адзінае, што я чуў – гэта “Чыгуначны раўс” і “Таварыш палкоўнік, мы ўзялі”.
Мяне брутальна схапілі, заламалі рукі-ногі, я пачаў трошкі выкручвацца, крычаць: “Людзі дапамажыце”. Але гэта не дапамагло. Ламалі мне шыю, рукі круцілі, пасля мне галава балела. У РАУСе норавы своеасаблівыя – мат на маце. Я з імі размаўляў, вядома, не матам, але так, як Лукашэнка падчас сваіх прэс-канферэнцый. Бо калі так размаўляе прэзідэнт, значыць гэта не абраза.
Адразу ж я пачаў патрабаваць, каб мяне завезлі да лекара. Толькі праз чатыры гадзіны мяне завезлі ў бальніцу, там зрабілі здымак галавы. А нага мне таксама балела, але супрацоўнікі павезлі мяне ў ІЧУ, нагу не сталі глядзець. На судзе на наступны дзень я таксама патрабаваў завезці да лекара, бо нага балела, але гэта не дапамагала, бо ў нас няма законаў, а ёсць паняцці. І толькі пасля суда высветлілася, што ў мяне паламаная нага. Пералом не такі вялікі, але хадзіць цяжка.
У ізалятары часовага ўтрымання да мяне ставіліся добра. Я напісаў скаргу пракурору каб мне змянілі ўмовы ўтрымання ў сувязі з маім станам, бо я нават у прыбіральню не мог схадзіць і памыцца. Гэта лічыцца катаваннем. Дзякуй людзям, якія там былі – мне далі другі матрас, бо на адным гіпс проста ламаўся. На працягу двух тыдняў я не мог выйсці на шпацыр, не мог памыцца, у мяне свярбела цела. Я вельмі адчуваў там падтрымку людзей, якія дапамагалі, прысылалі сокі. Я галадаў там, па-першае, я не мог есці, бо не мог схадзіць у прыбіральню, а па-другое, я галадаў у знак пратэсту. Напрыканцы прыехалі з цэнтральнага РАУСа, каб завезці мяне на размову, дзесьці а пятай. Я адказаў, што ў мяне ў пастанове напісана: адбываць пакаранне да 18.30. Не магу ж я парушаць закон, тым больш, рашэнне суда. Калі хочаце – чакайце за брамкай, калі я выйду, складайце чарговы ліпавы пратакол і хапайце.
Еўрарадыё: Ці будзеце вы судзіцца з міліцыянтамі за паламаную нагу?
Кастусь Жукоўскі: Насамрэч, я лічу, што гэта не мае сэнсу, але я пайду ў панядзелак забяру ўсе паперы, што тычацца маёй нагі, пайду да нашага праваабаронцы Леаніда Сабаленкі, паразмаўляю з ім. Калі ён возьме на сябе асноўны цяжар, то я пагаджуся. Часу, каб судзіцца, ў мяне няма, але я думаю, што праваабаронца пагодзіцца, то я буду судзіцца за ўмовы ўтрымання, гэтак можна і да ААН дайсці.
Еўрарадыё: А якія ў вас планы на 8 кастрычніка?
Кастусь Жукоўскі: У мяне нага паламаная, я дома сяджу. Але толькі што прыязджаў пракурор раёна, прывозіў папярэджанне. Усім актывістам развезлі папярэджанні, што нельга парушаць закон. Але я, вядома, пайду на Народны сход, трэба ж камусьці ісці.