Казахскі палітолаг: “Адстаўка Назарбаева стала нечаканасцю. Але прыемнай"

Казахскі палітолаг: “Адстаўка Назарбаева стала нечаканасцю. Але прыемнай"

19 сакавіка Нурсултан Назарбаеў, які кіраваў Казахстанам амаль 29 гадоў, падаў у адстаўку. Прычым, зрабіў гэта ў жывым эфіры падчас нарады па актуальных пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Ці стала гэтае рашэнне Назарбаева нечаканасцю для грамадзян Кахастана, што яго магло падштурхнуць да такога рашэння і чаго чакаць далей? На гэтыя пытанні ў эксклюзіўным каментарыі Еўрарадыё адказвае казахскі палітолаг, старшы выкладчык кафедры міжнародных адносін і знешняй палітыкі Рэспублікі Казахстан факультэта міжнародных адносін Казахскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Аль-Фарабі Жан Кашэрбаеў.

Еўрарадыё: Ці стала рашэнне Нурсултана Назарбаева аб адстаўцы нечаканасцю?

Жан Кашэрбаеў: Я сам даведаўся пра гэта за некалькі хвілін да вашага званка. Навіна нечаканая, такога абсалютна ніхто не чакаў. Наадварот, усе чакалі, што прэзідэнт і далей будзе выконваць свае абавязкі. Цяпер выконваць абавязкі прэзідэнта будзе спікер Верхняй палаты парламента Касым-Жамарт Такаеў. Ён дыпламат, былы міністр замежных спраў. Але навіна цалкам нечаканая для нас.

Еўрарадыё: Да такога кроку што магло падштурхнуць Назарбаева: стан здароўя, разуменне, што засядзеўся на гэтай пасадзе ці тут нейкая хітрая палітычная гульня мае месца быць?

Жан Кашэрбаеў: Думаю, што прэзідэнт улічыў абстаноўку ў краіне. А яна ў апошні час не вельмі спакойная на фоне існуючых сацыяльных праблем. Грае сваю ролю і актыўнасць апазіцыі, якая знаходзіцца за мяжой. Яго галоўны палітычны апанент, больш за тое, асабісты вораг прэзідэнта, Аблязаў, вельмі актыўна заклікае праз сацсеткі людзей да масавых вулічных пратэстаў. Пратэстныя настроі ў краіне нарастаюць, і прэзідэнт гэта не толькі разумее, але і ўлічвае. Відаць, з улікам усяго пералічанага ён і прыняў такое няпростае для сябе рашэнне. Ну, амаль трыццаць гадоў сядзіць на пасадзе і, відаць, разумее, што ужо час сыходзіць. Бо хоць усе пратэсты і заглушаліся, але, відаць, прэзідэнт зразумеў, што і далей закаркоўваць сітуацыю не атрымаецца, што ўсё гэта можа выліцца ў нешта маштабнае. Што ж да стану здароўя прэзідэнта, то тут пра нешта казаць не выпадае, бо ў нас на гэты конт няма ніякай інфармацыі. Зразумела, яму ўжо 78 гадоў, але не думаю, што прычына рашэння ва ўзросце. Хутчэй за ўсё, галоўную ролю адыгралі сацыяльныя праблемы і пратэстныя настроі.

Еўрарадыё: Чаго вы чакаеце ад Такаева, ён працягне ранейшы палітычны і эканамічны курс ці абярэ новы кірунак?

Жан Кашэрбаеў: Нейкіх кардынальных змен не даводзіцца чакаць, бо Касым-Жамарт Такаеў з каманды прэзідэнта, і, хутчэй за ўсё, прэзідэнцкая лінія будзе працягнутая. Пэўная лібералізацыя ў палітычнай сістэме можа быць, але кардынальных змен я не чакаю. Больш за тое, не варта забываць, што прэзідэнт замацаваў за сабой пасаду старшыні Савета бяспекі і будзе кантраляваць асноўныя вектары знешняй і ўнутранай палітыкі.

Ніякіх народных хваляванняў па выніку сыходу Нурсултана Назарбаева я не чакаю, бо быў скарыстаны вельмі мяккі механізм перадачы ўлады. Асабліва з улікам таго, што народ з аблягчэннем успрыняў сённяшнюю навіну — усе доўга чакалі гэтай навіны.

Еўрарадыё: Вы сказалі пра палёгку ад навіны пра адстаўку Назарбаева — з чым гэта звязана?

Жан Кашэрбаеў: З надзеяй на пазітыўныя змены. Бо Касым-Жамарт Такаеў успрымаецца як чалавек, які хоць і ўваходзіць у каманду прэзідэнта, але не ўцягнуты ў нейкія міжкланавыя інтрыгі, барацьбу, які не належыць ні да адной з груповак. І таму яго ўспрымаюць адносна іншых як сумленнага і годнага чалавека, які ведае сваю справу. Да ўсяго, яго і за мяжой ведаюць.

Еўрарадыё: Што будзе далей, будуць выбары прэзідэнта ў хуткім часе?

Жан Кашэрбаеў: Так, у 2020 годзе ў нас будуць прэзідэнцкія выбары — канстытуцыйныя нормы парушаныя дакладна не будуць. І, хутчэй за ўсё, Касым-Жамарт Такаеў выбары выйграе, ён і так чалавек вядомы, а да таго часу за яго возьмуцца сродкі масавай інфармацыі, і яго яшчэ больш раскруцяць.

Еўрарадыё: Варта чакаць змен у кіраўніцтве Казахстана?

Жан Кашэрбаеў: Не думаю, што прыйдуць цалкам новыя твары ў кіраўніцтва і на ключавыя пасады. Калі і будуць нейкія перастаноўкі, то нязначныя. У сілавым блоку, які будзе кантраляваць Назарбаеў, усе міністры захаваюць свае пасады. На маю думку, калі нават і паўстане пытанне аб пераабранні урада, то асноўны касцяк застанецца пры пасадах.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі